.

.
МЕНЮ

Да 95-годдзя з дня нараджэння Анатоля Вярцінскага

«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –
Тварыць!»
Анатоль Вярцінскі

18 лістапада 2026 года адзначаецца 95-гадовы юбілей з дня нараджэння Анатоля Ільіча Вярцінскага – паэта, публіцыста, аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў «філалагічнага пакалення» беларускай літаратуры. 

 Анатоль Вярцінскі ўвайшоў у беларускую паэзію як майстар філасофскай, інтэлектуальнай лірыкі. Яго творчасць – гэта не проста адлюстраванне ўбачанага, а глыбокі аналіз і ацэнка рэчаіснасці. Сам паэт яшчэ ў 1963 годзе сфармуляваў сваё творчае крэда: ён аддаваў перавагу «гарачаму», даследча-творчаму спосабу паказу жыцця, лічачы «халодны», рэгістрацыйна-інвентарызацыйны падыход «строга супрацьпаказаным». Менавіта таму кожны яго верш трымаецца на думцы, на разгортванні філасофскага выказвання.

Адметная рыса стылю А. Вярцінскага – тэзіснасць, стройнасць і строгасць пабудовы твораў. Часцей за ўсё, у фальклорнай традыцыі, паэт тройчы паўтарае ключавыя тэзісы, даводзячы сваю думку да чытача. Многія вершы завяршаюцца апошнімі радкамі-вывадамі, своеасаблівымі «кандэнсатамі маралі». Гэта рыса настолькі характэрная, што ствараецца ўражанне, нібы мастак прыйшоў у паэзію не з філалагічнага, а з навукова-інтэлектуальнага асяроддзя – настолькі ўсё ў яго лагічна і ўдумліва пабудавана.

Яшчэ адна важная асаблівасць светапогляду Анатоля Вярцінскага – гуманізм. Да якой бы з’явы не дакранулася свядомасць мастака, яна выпраменьвае «іскрынкі дабрыні і чалавечнасці». Паэт верыць у перамогу дабра над злом, у тое, што чалавек здольны заставацца чалавекам у любых абставінах.  

Паэтычная спадчына Анатоля Вярцінскага налічвае мноства зборнікаў, кожны з якіх стаў прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры. Першая кніга «Песня пра хлеб» выйшла ў 1962 годзе і ўключала лірычныя вершы і аднайменную паэму. За ёй рушылі ўслед «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Асаблівае месца займае зборнік выбранай паэзіі «Святло зямное» (1981), які ўвабраў лепшыя творы папярэдніх гадоў і стаў своеасаблівым падсумаваннем пэўнага этапу творчасці. У 1990–2000-я гады ўбачылі свет кнігі «Хлопчык глядзіць…» (1992), «Жанчына. Мужчына. Каханне…» (2003), «Выбраныя творы» (2009), «Асобныя радкі розных гадоў» (2010). Акрамя паэзіі, Анатоль Вярцінскі выдаў зборнік літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980) і кнігу публіцыстычных нататак «Нью-Ёркская сірэна» (1987), за якую ў 1988 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР.

Творы Анатоля Вярцінскага трывала ўвайшлі ў школьную праграму па беларускай літаратуры. Вывучэнне творчасці паэта дапамагае вучням зразумець, што паэзія можа быць не толькі эмоцыяй, але і глыбокім роздумам, накіраваным на асэнсаванне чалавека і свету.

Творчасць Анатоля Вярцінскага – гэта лірыка рацыяналістычнай развагі, дзе высокая маральнасць арганічна спалучаецца з дакладнасцю думкі, а паэтычныя сродкі служаць адзінай мэце: данесці да чытача важную ісціну. Яго ўклад у беларускую літаратуру вызначаецца менавіта гэтай адметнай мастацкай сістэмай, што спалучае філасофскую глыбіню з публіцыстычнай вострасцю і непахіснай верай у чалавека.

Анатоль Вярцінскі пайшоў з жыцця на 91-м годзе. Але памяць пра яго жыве ў яго вершах, якія працягваюць гучаць на ўроках літаратуры, у песнях, створаных на яго словы, і ў сэрцах чытачоў. Яго паэзія, прасякнутая верай у чалавека і жыццесцвярджальнай сілай, застаецца запаветам для новых пакаленняў: «Жыццё даецца, каб жыццё тварыць».

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

Contacts

"Adukatsiya" Textbook Store

e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. 

  • БЕЗОПАСНОСТЬ И ЗДОРОВЬЕ