«Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў»
Уладзімір Караткевіч
26 лістапада 2025 года знакамітаму празаіку, публіцысту, паэту, перакладчыку, драматургу, сцэнарысту, самаму папулярнаму класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу споўнілася б 95 гадоў.
Уладзімір Караткевіч – адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры як другой паловы XX стагоддзя, так і ХХІ стагоддзя. Раман пісьменніка «Каласы пад сярпом тваім» і дагэтуль застаецца найбольш запатрабаванай кнігай у беларускім кніжным продажы.
Нарадзіўся будучы класік літаратуры ў 1930 годзе ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Дзяцінства У. Караткевіча, як і многіх аднагодкаў, было апалена вайной, што застала яго ў Маскве. У Расіі хлопчык скончыў шэсць класаў, а пасля разам з маці пераехаў у Кіеў, дзе жыла яго цётка.
Пасля вызвалення Беларусі сям’я Караткевічаў вяртаецца на радзіму ў Оршу, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949–1954 гадах У. Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі.
У адным з лістоў у Беларусь даслаў вершы на роднай мове. Сябар аддаў іх у рэдакцыю часопіса. У 1955 годзе ў «Полымі» быў надрукаваны верш У. Караткевіча «Машэка». З гэтага часу вядзецца адлік літаратурнай дзейнасці пісьменніка.
Пасля вучобы працаваў настаўнікам, пазней вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах (1958–1960), сцэнарных курсах (1962), у Інстытуце кінематаграфіі ў Маскве і стаў прафесійным пісьменнікам.
Уладзімір Караткевіч – сапраўдны майстра, яго ведае ўся Беларусь, чытачы з усёй краіны шануюць яго мастацкае слова. Для многіх беларусаў менавіта Уладзімір Сямёнавіч на ўсё жыццё стаў любімым пісьменнікам і адкрыў жанр гістарычнага дэтэктыву.
З яго раманаў, аповесцяў і апавяданняў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Аліва і меч», «Нельга забыць» і іншых пачынае сцвярджаць сябе новы жанр – беларуская навукова-мастацкая гістарычная літаратура. Шырокую вядомасць прынёс У. Караткевічу раман «Чорны замак Альшанскі», які лічыцца псіхалагічным дэтэктывам і за які ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа. У 2024 годзе паводле гэтай кнігі ў расійскім кінематографе выйшла сучасная кінастужка «Чорны замак».
Багатая і разнастайная паэзія У. Караткевіча прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. У сваіх вершах ён імкнуўся аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі беларускага народа. Паэт шырокага кругагляду, ён раскрыў свой талент і як даследчыка глыбінных каранёў свайго народа.
У 1974 годзе ўбачыла святло рампы гістарычная п’еса У. Караткевіча «Званы Віцебска». Аўтара ўпершыню выбралі ў праўленне Саюза пісьменнікаў БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры, даверылі весці на беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына».
У. Караткевіч таксама напісаў шэраг п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў. Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ім асэнсаваныя ў п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Калыска чатырох чараўніц», «Маці ветру».
Уладзімір Караткевіч пісаў пра гісторыю свайго народа, пра яго мастацтва, культуру, духоўнае жыццё. Ён выступаў у абарону беларускай мовы і культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. Ён аказаў вялікі ўплыў на грамадскае, эстэтычнае і духоўнае жыццё беларускага народа.
25 ліпеня 1984 года У. Караткевіча не стала. Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Мінску.
Чаму кнігі Уладзіміра Сямёнавіча папулярныя і ў наш час? Аўтар быў верны свайму літаратурнаму крэда: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя». І сапраўды, Караткевічавым словам гаворыць з усім светам душа Беларусі.
Падрыхтавана паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц











