.

.
МЕНЮ

Да 175-годдзя з дня нараджэння Янкі Лучыны

Янка Лучына – паэт, публіцыст, перакладчык, драматург, этнограф, крытык, культурны дзеяч. Сёння, 6 ліпеня, спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта.  

Нарадзіўся Янка Лучына 6 ліпеня 1851 года ў Мінску ў сям’і адваката. Свой першы верш будучы паэт напісаў яшчэ ў дзевяцігадовым узросце. Першапачатковую адукацыю Янка Лучына атрымаў у прыватнага настаўніка, а ў 1865 годзе быў прыняты ў Мінскую гімназію адразу ў трэці клас. 

Пасля заканчэння гімназіі ў 1870 годзе стаў студэнтам матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе правучыўся толькі адзін год. Нечакана выбраўшы для сябе прафесію інжынера, ён восенню 1871 года паступіў у Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэхналагічны інстытут, які скончыў у 1877 годзе. Працаваў начальнікам галоўных чыгуначных майстэрняў у Тыфлісе (цяпер Тбілісі), часта наведваў Мінск. У адзін з прыездаў у родны горад яго напаткала няшчасце: пасля няўдачнага падзення паралізавала ногі. Дзякуючы працягламу лячэнню ён зноў змог хадзіць, але толькі абапіраючыся на мыліцы. Бяда не пахіснула жыццялюбства паэта, не адабрала прагі дзейнасці. У Тыфліс ён больш не вярнуўся і ўладкаваўся на працу ў Мінскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі. Аднавіцца дапамагло і захапленне паляваннем і рыбалкай, з якімі Янка не збіраўся развітвацца. 

Жыццёвы шлях Янкі Лучыны арганічна зліўся з літаратурнай творчасцю, якая адлюстроўвала яго філасофскія, сацыяльныя і грамадска-палітычныя погляды. Росквіт яго творчасці прыпадае на сярэдзіну 1880-х гадоў. Паэт пісаў на беларускай, рускай і польскай мовах. Дэбютаваў у друку ў 1886 годзе рускамоўным вершам «Не ради славы иль расчета» ў газеце «Минский листок». У тым жа годзе ў польскім часопісе «Kłosy» надрукаваў верш «Раскоша натхнення». А ў 1887 годзе, пад уражаннем ад выступлення ўкраінскіх артыстаў у Мінску, пачаў пісаць па-беларуску. 

Першымі беларускімі творамі сталі вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею Манько», але яны не публікаваліся. У друку ж дэбют на беларускай мове адбыўся з вершам «Вясновай парой» у «Минском листке» ў 1889 годзе. Потым былі апублікаваны вершы «Роднай старонцы» і «Пакуль новы год настане на свеце». У 1903 годзе ў Санкт-Пецярбургу ўбачыла свет кніга беларускіх вершаў «Вязанка». Сярод найбольш вядомых твораў паэта – паэма «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся», а таксама беларускі варыянт раздзела «Стары паляўнічы» пад назвай «Стары ляснік».  

Янка Лучына быў тонкім лірыкам. Беларускія вершы паэта шчырыя і натуральныя, ім характэрна апавядальная інтанацыя. Тэматычна яны звязаны пераважна з жыццём беларускай вёскі, галоўным героем выступае селянін, які адлюстроўваецца аўтарам класічным прадстаўніком Радзімы, носьбітам сапраўднай высокай маральнасці, які заўсёды захоўвае традыцыі і звычаі продкаў. 

Паэт добра ведаў народную культуру, збіраў беларускі фальклор, з’яўляўся карэспандэнтам вядомага этнографа П. Шэйна. Таксама Янка Лучына вядомы як перакладчык твораў славянскіх і еўрапейскіх аўтараў: У. Сыракомлі, М. Някрасава, А. Асныка, Г. Гейнэ і іншых.

Творчасць паэта аказала значны ўплыў на далейшае развіццё беларускай літаратуры, фарміраванне прынцыпаў беларускіх пісьменнікаў пачатку XX стагоддзя. Сёння творы Янкі Лучыны вывучаюцца на павышаным узроўні ў Х класе па беларускай літаратуры, што сведчыць пра іх глыбокую каштоўнасць для нацыянальнай культуры.

Памёр Янка Лучына 16 ліпеня 1897 года ва ўзросце 46 гадоў. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У гонар славутага паэта названы вуліца і гімназія нумар 40 у Ленінскім раёне Мінска. Духоўная спадчына паэта і сёння працягвае свяціць, як тая лучына, асвятляючы шлях для новых пакаленняў беларусаў.

         Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц
Выява для прэўю: партрэт Янкі Лучыны, змешчаны ў часопісе «Беларуская мова і літаратура» № 3 за 2021 год. Аўтар А. Прынькова

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

Contacts

"Adukatsiya" Textbook Store

e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it. 

  • БЕЗОПАСНОСТЬ И ЗДОРОВЬЕ