.

.
МЕНЮ

Да 120-годдзя з дня нараджэння Петруся Броўкі

Сёлета ў чэрвені споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Петруся Броўкі – беларускага празаіка, паэта і перакладчыка, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, акадэміка, члена-карэспандэнта АН БССР.

Пятрусь Броўка нарадзіўся ў вёсцы Пуцілкавічы (цяпер Ушацкі раён). На старонках газеты «Чырвоная Полаччына» 18 жнiўня 1926 г. быў змешчаны яго першы верш «Ой, не шапчы, мая бярозка…». З гэтага часу пачынаецца дарога паэта ў вялiкую лiтаратуру.

Паваротны момант у жыццёвай i творчай бiяграфii маладога аўтара – прыезд у Мiнск i паступленне на вучобу ў Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт на лiтаратурна-лiнгвiстычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта. У сталiцы Пятрусь Броўка стаў актыўным удзельнiкам лiтаратурнага жыцця, увайшоў у лiтаратурнае аб’яднанне «Маладняк». З 1940 г. працаваў рэдактарам часопіса «Полымя».  

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941–1942 гг. – інструктар-літаратар у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў з партызанскім друкам. У 1943 г. стаў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, з 1945 г. зноў рэдактар часопіса «Полымя». Яго ваенныя вершы і паэмы, такія як «Беларусь», «Надзя-Надзейка», «Спатканне» і інш., прасякнутыя любоўю да Радзімы, верай у перамогу і нянавісцю да ворагаў.

У 1948–1967 гг. Пятрусь Броўка быў на пасадзе старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1963 г. – на пасадзе сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. У 1967–1980 гг. – галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Менавіта пад яго рэдакцыяй выйшла першая нацыянальная 12-томная «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Акрамя таго, Пятрусь Броўка выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1956–1980) і Вярхоўнага савета БССР (1947–1955). У 1959 г. быў дэлегатам ад БССР на 14-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Пятрусь Броўка ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры і культуры. Пяру аўтара належыць за трыццаць зборнікаў лірыкі – вершаў, паэм, балад. Аўтар аповесцей «Каландры» (1931), рамана «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» (1974). Для дзяцей выдаў кнігі паэзіі «Маладым сябрам» (1961), «Наш музей» (1962), аповесць «Донька-Даніэль» (1982).

Творчасць Петруся Броўкі адзначана высокім патрыятызмам, гуманізмам і верай у светлую будучыню. Ён быў узнагароджаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, Знакам Пашаны, балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія, медалямі.

У Мінску створаны літаратурны музей П. Броўкі, яго імя прысвоена выдавецтву «Беларуская Энцыклапедыя», імем П. Броўкі названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

Да юбілею паэта прапануем наведаць літаратурны музей Петруся Броўкі, які знаходзіцца ў доме, пабудаваным яшчэ ў 1913 г. (архітэктар Генрых Гай), на вуліцы К. Маркса, 30.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-code of the National Educational Internet Portal

USEFUL LINKS

CONTACTS

 16, Korolya Street, Minsk, 220004

         Contacts

         "Adukatsiya" Textbook Store

         e-mail: This email address is being protected from spambots. You need JavaScript enabled to view it.