Пачынаючы з 2000 года штогод у нашай краіне праходзіць арніталагічны конкурс «Птушка года», асноўнай мэтай якога з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадства да разнастайнасці і прыгажосці прадстаўнікоў птушак, асабліва рэдкіх і знікаючых відаў.
Пераможцам конкурсу «Птушка года – 2026» стаў чорны бусел. Птушыны кандыдат быў вылучаны навуковым супрацоўнікам навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, арнітолагам Паўлам Пакулем, які не адзін год вывучае палескую папуляцыю гэтай загадкавай птушкі.
На сённяшні дзень чорны бусел адносіцца да рэдкіх і знікаючых відаў і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Лад жыцця птушкі вывучаны слаба, бо у адрозненне ад белага бусла чорны бусел не любіць суседства з чалавекам і аддае перавагу сяліцца ў глухіх старых лясах, каля вадаёмаў. Самая вялікая ў свеце папуляцыя чорнага бусла жыве ў Беларусі на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць». Усяго ж на сённяшні дзень у нашай краіне гняздуецца каля дзвюх тысяч пар.
Сем цікавых фактаў пра чорных буслоў
1. Першая згадка пра птушку адносіцца да XVIII ст., і ўжо тады для нашых краёў яна лічылася вялікай рэдкасцю.
2. Пра ўзрост птушкі можна даведацца па колеры скуры вакол вачэй: у маладых асобін яна афарбавана ў шэра-зялёныя тоны, у дарослых – у чырвоныя.
3. Сярэдняя працягласць жыцця чорнага бусла – да 40 гадоў.
4. Гэтыя птушкі манагамныя, але ў пару з выбраннікам аб’ядноўваюцца толькі ў час шлюбнага перыяду. У астатні час бусел жыве ў адзіноце.
5. Хуткасць палёту чорных буслоў можа дасягаць да 40–45 км/ч у звычайным палёце, у міграцыйных зграях – больш за 120 км/ч.
6. «Спевы» чорнага бусла адрозніваюцца ад яго відавых братоў: белага і далёкаўсходняга.
7. Праз высечку лясоў і паляванне папуляцыя чорнага бусла паступова скарачаецца. На некаторых тэрыторыях, напрыклад у Скандынавіі, гэты від быў практычна цалкам знішчаны.
У Беларусі прыкладаюцца сумесныя намаганні эколагаў, дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый для захавання папуляцыі чорнага бусла. У межах кампаніі «Птушка года» ў 2026 годзе будуць рэалізаваны асветніцкія і прыродаахоўныя акцыі, прысвечаныя чорнаму буслу.
Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц











