28 сакавіка 2024 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыйнае мерапрыемства «Вясновыя перазовы: жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара „Роднага слова“».
Першы вясновы выпуск навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» прысвечаны паэткам-юбіляркам Ганне Новік і Еўдакіі Лось, паэткам-сучасніцам Соф’і Шах і Людміле Кебіч, пісьменніцам – аўтарам зборніка жаночай навелы з кніжнай серыі «Сучасная беларуская літаратура». Архіўныя даследаванні часопіса прысвечаны творчасці Ларысы Александроўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм. Ілюстрацыі сакавіцкага нумара «Роднага слова» таксама зроблены жанчынамі. А жывапіснае палатно «Подых вясны» народнай мастачкі Беларусі Раісы Кудрэвіч нават пакіне фонды Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і будзе прадстаўлена падчас мерапрыемства.
Таксама чакаецца экспрэс-прэзентацыя музейна-часопісных праектаў «Роднага слова» і сумесных ініцыятыў, якія накіраваны на папулярызацыю беларускай культуры і дазволіць наведвальнікам пазнаёміцца з метадычнымі магчымасцямі часопіса для выкарыстання ў педагагічнай, бібліятэчнай і музейнай дзейнасці педагогаў.
У мерапрыемстве прымуць удзел аўтары і партнёры часопіса, Народны літаратурны тэатр «Жывое слова», струнны ансамбль «La vie», студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Уваход вольны.
Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13. Пачатак: 17:00.
Падрыхтавана паводле матэрыялаў сайта https://bellitmuseum.by