МЕНЮ

.

.
МЕНЮ

Да 125-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

15 ліпеня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння выбітнага беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка і мовазнаўцы Уладзіміра Дубоўкі.

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка правёў у Беларусі, на Пастаўшчыне, толькі дзіцячыя і падлеткавыя гады. З шасцігадовага ўзросту працаваў, дапамагаў па гаспадарцы. Крыху вучыўся ў школе. У 1915 годзе бацькі, уцякаючы ад вайны і беспрацоўя, пераехалі ў Маскву.

Першая публікацыя пісьменніка з’явілася ў 1921 годзе. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў беларускага літаратурнага працэсу 1920-х гадоў: спачатку ў літаратурным аб’яднанні «Маладняк», а потым ва «Узвышшы». Чатыры гады «ўзвышэнства» былі самымі плённымі.

Дзякуючы сваёй працы Уладзімір Дубоўка выдатна ведаў беларускую культуру (напрыклад, ён уваходзіў у камісію па ўкладанні зборніка народных песень для школ і хораў). У Маскве наведваў літаратурныя вечарыны і быў асабіста знаёмы з Сяргеем Ясеніным і Уладзімірам Маякоўскім, цікавіўся творчасцю ўкраінскіх аўтараў Паўло Тычыны, Уладзіміра Сасюры, Максіма Рыльскага, ведаў прыбалтыйскую літаратуру.

З 1926 года Дубоўка займаўся адказнай і прэстыжнай працай у Маскоўскім Крамлі: перакладаў на беларускую мову тэксты новых савецкіх законаў. Ажаніўся з Марыяй Кляўс у 1927 годзе, праз год у іх нарадзіўся сын Альгерд, якога, на жаль, яны страцілі падлеткам.

У 1930 годзе Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны за публікацыю ў віленскім часопісе «Беларуская культура» верша «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Пасля, падчас высылак, паэт не пісаў, але засвоіў каля дваццаці рабочых спецыяльнасцей. Толькі ў 1958 годзе пасля рэабілітацыі Дубоўка вярнуўся ў Маскву і працягнуў займацца літаратурай. Але самая значная частка яго творчасці – тое, што ён напісаў з 1921 па 1930 год.

Аўтар зборнікаў вершаў і казак, паэм, празаічных твораў. На яго гонары – шырыня творчасці: дзіцячая літаратура, крытыка, мовазнаўчыя даследаванні, пераклады. Выйшлі зборнікі вершаў паэта: «Строма» (1923), «Трысцё» (1925), «Палеская рапсодыя» (1961) і інш. Аўтар некалькіх кніжак для дзяцей, гэта вершаваныя казкі «Цудоўная знаходка» (1960), «Кветкі – сонцавы дзеткі» (1963), «Залатыя зярняты» (1975). У 1959-м і ў 1965-м выйшлі «Выбраныя творы» ў 2-х тамах. Вядомы як перакладчык твораў У. Шэкспіра, В. Брусава, Ю. Яноніса, К. Каладзэ і інш.

Цікавы факт, што Уладзімір Дубоўка ўвёў у беларускую мову шмат слоў: некаторыя прыдумаў сам («летуценне», «адлюстроўваць», «ажыццяўленне», «мэтазгодна», «спадабанка»), некаторыя ўзяў з дыялектаў – і праз яго творчасць яны прыжыліся ў літаратурнай мове («апантаны», «наканаваны», «нелюдзь», «пройма», «петраць», «агораць», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «знічка», «імклівасць», «непрыдатны», «талака»). Шмат зрабіў для абнаўлення паэтычнага сінтаксісу.

Падрыхтавана па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц

QR-код нацыянальнага адукацыйнага партала

КАРЫСНЫЯ СПАСЫЛКІ

КАНТАКТЫ

 вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

         Кантакты

         Магазін вучэбнай кнігі «Адукацыя»

         e-mail: Адрес электронной почты защищен от спам-ботов. Для просмотра адреса в браузере должен быть включен Javascript.