Штогод 24 мая адзначаецца Дзень славянскай пісьменнасці і культуры. Сотні мільёнаў людзей, што пішуць кірыліцай, успамінаюць братоў Кірылу і Мяфодзія, ураджэнцаў Салуні (сучасныя Салонікі), вялікіх асветнікаў ІХ стагоддзя. Менавіта яны пераклалі на стараславянскую мову Святое пісанне, стварыўшы для гэтага славянскую азбуку.
Большасць літар кірылічнага алфавіта мела грэчаскія прататыпы, выключэннем з’явілася літара Ш, што паходзіла ад яўрэйскай Шын. Царква, як каталіцкая, так і праваслаўная, годна ацаніла заслугі братоў: абодва былі кананізаваны як асветнікі славян (slavorum apostoli). Цікава, што ў царкоўным абіходзе спачатку згадваецца Мяфодзій, які меў высокі царкоўны сан, а пасля кніжнік Кірыл. У 1863 годзе Свяшчэнны Сінод у гонар тысячагоддзя з’яўлення першай рукапіснай славянскай Бібліі аб’явіў днём Кірыла і Мяфодзія 11 мая, па новым стылі – 24 мая. Гэта і царкоўнае, і свецкае свята, якое радуе ўсіх тых, хто цэніць друкаванае слова і родную мову.
Сучасныя сістэмы пісьма беларусаў, украінцаў, расіян, балгар, македонцаў, сербаў, а таксама алфавіты шматлікіх неславянскіх народаў (адыгейскі, калмыцкі, кіргізскі, мангольскі, татарскі, удмурцкі і інш.) выкарыстоўваюць кірылічныя літары. Некаторыя краіны адмаўляюцца ад выкарыстання кірыліцы на карысць лацінкі. Гэта два ўніверсальныя алфавіты, якія маюць падобныя структуру і сімвалы. У кожным з іх ёсць свае функцыянальныя перавагі і недахопы. Тым не менш, кірыліца – значна багацейшая і зручнейшая азбука, бо здольная перадаць большы спектр гукаў.
Пазнаёміцца з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьменнасці, кнігадрукавання і пісьменніцкай дзейнасці ў Беларусі, убачыць старадаўнія рукапісы, старадрукі і рэдкія кнігі, якія сталі сусветнай спадчынай, можна ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.
Напярэданні свята, 13–14 мая 2025 года, у Мінску прайшлі ХХХІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні «Хрысціянская вера ад мінулага да сучаснасці: 1 700 гадоў Нікейскага сабора».
У гэтым годзе спаўняецца 1 700 гадоў з часу правядзення першага Сусветнага (Нікейскага) сабора, які адкрыўся 20 мая 325 года. Падзея, якая сабрала 318 біскупаў хрысціянскай царквы, азнаменавала сабой пачатак новай эпохі ў гісторыі царквы, аказала вялікі ўплыў на культуру, філасофію і асновы грамадства. Таксама чытанні прайшлі ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі, дзе асаблівая ўвага нададзена аднаўленню гістарычнай памяці як царкоўных, так і свецкіх падзей, якія вызначаюць ход сусветнай гісторыі і стан сучаснай грамадзянскай супольнасці.
Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні з’яўляюцца форумам, які ўжо больш за 30 гадоў аб’ядноўвае спецыялістаў і вучоных з краін блізкага і далёкага замежжа, якія працуюць у галіне багаслоўя, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства.