Міхась Захаравіч Башлакоў – вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў – нарадзіўся 27 красавіка 1951 года ў пасёлку Станцыя Церуха (цяпер – Баштан) Гомельскага раёна ў сям’і чыгуначніка. Сёлета Міхась Башлакоў адзначае сваё 75-годдзе.
Вучыўся будучы пісьменнік у Грабаўскай сярэдняй школе з вялікай ахвотай, яшчэ ў школьныя гады захапіўся літаратурнай творчасцю. Верш-дэбют «Раўчук» дзесяцікласніка М. Башлакова ў студзені 1968 года быў надрукаваны ў раённай газеце «Маяк».
Потым скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1973). Працаваў настаўнікам, выкладаў у школах Гомеля. У 1986 годзе браў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Пасля пераезду ў Мінск у 1991–2005 гадах быў галоўным метадыстам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, актыўна займаўся падрыхтоўкай і выданнем 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць».
Грамадскую дзейнасць пісьменнік сумяшчаў з паэтычнай творчасцю. Адзін за адным выходзяць яго зборнікі: «Дні мае залатыя» (1993), «Як слёзы горкія Айчыны...» (1999), «Матчыны грыбы перабіраю» (2000), «Світальныя коні» (2001), «Пяро зязюлі падніму» (2001), «Віно адзінокіх» (2011), «Музыка нязваная» (2014), «Далеч вячэрняя» (2017) і інш. Кнігі «Нетры» (2004) і «Палын. Чарнобыль» (2005), створаныя ў цесным супрацоўніцтве з мастаком Міхасём Барздыкам, атрымалі высокую ацэнку як у Беларусі, так і за яе межамі. За гэтыя кнігі М. Башлакову была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2009). Паэт узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Больш за 150 вершаў М. Башлакова пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі.
Міхась Башлакоў і сёння актыўна займаецца грамадскай і творчай дзейнасцю, працуе на ніве беларускай культуры і літаратуры, удзельнічае ў многіх кніжных прэзентацыях, мерапрыемствах, выставах, звязаных з падтрымкай таленавітай моладзі.












