2 сакавіка 2019 года на базе ДУА «Гімназія № 56 г. Гомеля імя А. А. Вішнеўскага» ладзіўся абласны лінгвістычны конкурс «Ведай родную мову». Мерапрыемства праводзілася сярод вучняў VIII–XІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу навучэнцаў, выяўлення здольных, лінгвістычна адораных дзяцей.

Для ўдзелу ў конкурсе былі запрошаны пераможцы трэцяга этапу абласной і рэспубліканскай алімпіяд па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» – 37 навучэнцаў з Гомеля і 10 раёнаў Гомельскай вобласці. Для ацэньвання выступленняў юных мовазнаўцаў працавала журы, у складзе якога былі трэнер абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, таленавітыя настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці.

У першым туры ўдзельнікі конкурсу выконвалі лінгвістычную комплексную работу, якая змяшчала заданні алімпіяднага ўзроўню, у другім – пісалі сачыненне-мініяцюру па адной з двух прапанаваных тэм. У творчых работах навучэнцы распавядалі пра свае пачуцці, меркаванні і думкі, выкліканыя прапанаванымі тэмамі. У кожнага ўдзельніка была магчымасць прадэманстраваць свае творчыя магчымасці, інтэлектуальны патэнцыял, узровень пісьменнасці.

Па выніках конкурсу дыпломамі ўзнагароджаны 17 удзельнікаў. Выдатныя веды прадэманстравалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Добруша, Гомеля, Мазыра.

Яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, эмацыянальны станоўчы зарад – пачуцці, якія атрымалі ўдзельнікі конкурсу.

 

 

НІА
па матэрыялах Гомельскага абласнога інстытута
развіцця адукацыі