Печать
Категория: Регионы

З 30 лістапада па 1 снежня 2017 года ў Гомелі адбыўся рэспубліканскі семінар «Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці: асоба, адукацыя, грамадства». У якасці пляцовак для семінара былі абраны Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага, ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа».

Удзел у семінары прынялі метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў; кіраўнікі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст».

Першы дзень работы семінара пачаўся ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Да пачатку работы ўдзельнікі пазнаёміліся з матэрыяламі выстаў «Жамчужыны педагагічных ідэй Гомельшчыны» і «Ад захаплення творчасцю – да захавання мовы», дзе былі прадстаўлены адрасы прадуктыўнага педагагічнага вопыту рэгіёна, фотагалерэі кабінетаў беларускай мовы, музеяў і музейных пакояў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, свят і пазаўрочных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца дзяцей і моладзі прадставілі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Аб тым, як можна займацца бізнесам і папулярызаваць беларускую мову, удзельнікі семінара даведаліся ад настаўнікаў-кіраўнікоў бізнес-кампаній «Спадчына» Лукскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна і «Сувенірчыкі» Курыціцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Педагогі Калінкавіцкай гімназіі прадставілі выпускі рубрыкі «Размаўляем па-беларуску» гімназічных тэленавін.

Пленарнае паседжанне адкрыла Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ірына Уладзіміраўна  пазнаёміла ўдзельнікаў семінара са станам выкладання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны: асноўнымі тэндэнцыямі, праблемамі і перспектывамі развіцця. Пытанні навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура» раскрыла Інга Аляксееўна Пінголь, навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аб удасканаленні педагагічнага майстэрства настаўнікаў праз павышэнне кваліфікацыі паведаміў Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Дзяржаўнай установы адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі».

Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці педагогаў па папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнні сферы яе выкарыстання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці асвяціла Вольга Аляксандраўна Блажко, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Пасля пленарнага паседжання госці Гомельскай вобласці наведалі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, дзе Алена Мікалаеўна Палуян, дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, расказала аб ролі рэгіянальнага ўніверсітэта ў папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры праз узаемадзеянне «школа – каледж – інстытут развіцця адукацыі – універсітэт».  

Пасля ўніверсітэта ўдзельнікі семінара наведалі Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага. Дырэктар каледжа Валодзін Мікалай Мікалаевіч расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці па павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў дашкольнай і пачатковай адукацыі. Навучэнцы ўстановы прадставілі фрагмент абрада «Чырачкі».

Пад канец першага дня работы семінара ўдзельнікі наведалі музеі.

Другі дзень семінара прайшоў ў ДУА «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа». Святлана Аляксандраўна Гардзейчык, дырэктар установы, пазнаёміла ўдзельнікаў з дзейнасцю педагагічнага і вучнёўскага калектываў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы.

З эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці, выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій пазнаёмілі ўдзельнікаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры вобласці.

 

НІА
па матэрыялах Гомельскага абласнога
інстытута развіцця адукацыі