Штогод 14 кастычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Дата гэтай урачыстасці прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрову Прасвятой Багародзіцы.
Мама – гэта пачатак усіх пачаткаў. Гэта крыніца жыццядайнай энергіі. Гэта – светач любові і дабрыні. Гэта – самае пачэснае званне на Зямлі.
І няхай не змаўкае гімн пашаны і ўдзячнасці матулям!
***
Мікола Хведаровіч
«Дарагое імя»
Свеціць як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! –
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
***
Максім Танк
Не знаю,
Ці ёсць жыццё
На нейкіх зорках.
Я знаю толькі адну зорку –
Пяцікрылую далонь маці,
На якой выраслі
Мы, наш хлеб, нашы песні.
Святло якой
Вечна струменіць.
***
Яўген Крупенька
«Мама»
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее
За дзяцей хвалявацца і перажываць.
Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце
Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.
Так, як маці, ніхто цябе не разумее,
Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.
Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,
Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе.
***
Ніл Гілевіч
«Мама»
Мая мама добрая такая,
Мая мама проста залатая!
А ўжо так мяне матулька любіць!
Кожны раз і песціць, і галубіць,
І да сэрца горне, і мілуе,
І так шчыра-моцна пацалуе,
І прамовіць ласкавае слоўца,
І сама засвеціцца – як сонца.
***
Рыгор Барадулін
Вочы твае
Нада мной ўзышлі
Сузор’ямі цішыні,
Сузор’ямі дабрыні,
Покуль ёсць яны –
Мне на зямлі
Светла, мама...
***
Алена Дзегцярова
Ты паслухай, як сэрца матулі гамоніць –
Ці крынічкай у лузе, ці званочкам у полі...
Зазірні ў яе вочы, найлепшыя ў свеце –
Незабудак блакіт, што квітнее у леце;
Птушанём у пяшчоту яе акуніся,
Дабрыні і журбоце яе пакланіся,
І малітвам яе, хваляваннем спавітым,
Смачным стравам у ранні, рукам працавітым...
Зацвіце яна яркай півоняю мая
І усмешкаю сонца на вуснах зайграе,
Ты адчуеш, як сэрца матулі спявае.
***
Эдзі Агняцвет
«Маме»
Калі б магла вясёлку з неба зняць,
Я падарыла б маме.
Каб з хмарак я магла дыван саткаць.
Я падарыла б маме!
Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк
Я падарыла б маме.
І ласку, і цяпло на доўгі век
Я падарыла б маме!
Святло бяроз і песеньку малой
Сініцы сінякрылай –
Хачу паднесці ўсё, што мне самой
Матуля падарыла.
***
Мікола Пазнякоў
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
З душою, прачуленай да донца,
Цалуйце рукі любыя матуль.
Не забывайце, што для іх бясконца
Цяжэе вечных клопатаў хатуль.
Цалуйце рукі любыя матуль,
Прапахлыя работаю і сонцам.
Вядучая «Паэтычнай старонкі»
Інга Пінголь