Сёлета Брэст адзначае свой 1000-гадовы юбілей. Але ці шмат мы ведаем пра гэты горад? Прадстаўляем 10 цікавых фактаў з далёкай і блізкай гісторыі юбіляра.

15 жніўня 1390 года першым з беларускіх гарадоў Брэст атрымаў магдэбургскае права. Гэта падзея карэнным чынам змяніла лёс горада.

Першыя шпіталі на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся ў Брэсце ў 1495 годзе.

У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў у Брэсце першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, дзе выйшла ў свет больш за 40 кніг. Сярод іх Брэсцкая Біблія – сапраўдны шэдэўр сярэднявечнага кнігадрукавання. У Брэсце ж распачалося і нотадрукаванне: у 1558 годзе Ян Зарэмба выдаў першы ва ўсходніх славян нотны зборнік канцыянал «Песни хвал Боских».

Першы манетны двор на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіўся ў Брэсце ў 1665 годзе. Рашэнне адкрыць Берасцейскі манетны двор (мынцу) было прынята 22 сакавіка 1659 года Варшаўскім сеймам, але ажыццявіцца гэтай задуме перашкодзіла вайна. З снежня 1665 года па снежань 1666 года тут было выпушчана 240 680 150 медных шэлегаў на суму 2 674 268 злотых і 10 грошаў.

Першае электрычнае асвятленне з’явілася ў Брэсце ў 1888 годзе, раней, чым у іншых беларускіх гарадах.

Брэст – гэта не толькі горад, але і малая планета, адкрытая 19 верасня 1974 года Людмілай Чарных.

Сярод сучасных абласных гарадоў пасля Мінска Брэст з’яўляецца самым вялікім па плошчы і самым малым па колькасці насельніцтва, што робіць яго самым прасторным сярод абласных цэнтраў Беларусі.

Брэст – самы цёплы горад нашай краіны. Гідраметэаролагі сцвярджаюць, што праз 20 гадоў тут зусім знікне зіма: круглы год тэмпература будзе вышэй за нуль.

Брэст мае больш за 30 гарадоў-пабрацімаў па ўсім свеце. Сярод іх і французскі цёзка.

І апошняе. У гэтыя выхадныя горад з размахам адзначыць свой 1000-гадовы юбілей. Брэст ласкава запрашае гасцей. А праграма святкавання тут.

 

НІА