Дзень Незалежнасці – адно з самых значных і важных святаў для кожнай дзяржавы. Гэты дзень – адзін з тых, калі з’яўляецца яшчэ адна нагода ганарыцца сваёй краінай, даведацца нешта новае пра культурныя традыцыі, гісторыю сваёй радзімы.

3 ліпеня 1944 года сталіца нашай краіны – горад-герой Мінск – была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рашэнне аб устанаўленні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці менавіта ў гэты дзень было прынята ў выніку рэспубліканскага рэферэндуму ў 1996 годзе.

Галоўным мерапрыемствам Дня Незалежнасці з’яўляецца ваенны парад, які нагадвае, што беларускі народ цаной жыцця мільёнаў людзей набыў сваю свабоду і ніколі не аддасць сваю незалежнасць.

Ва ўсіх гарадах нашай краіны пройдуць святочныя мерапрыемствы.

У Мінску асноўнымі лакацыямі свята стануць пляцоўкі каля абеліска «Мінск – горад герой» і Палаца спорту, Верхні горад. Па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі пройдзе патрыятычнае шэсце. Каля Палаца спорту адбудзецца кірмаш і канцэртная праграма. Музычныя віншаванні мінчане і госці сталіцы будуць прымаць таксама на тэрыторыі Верхняга горада.

У Брэсце 3 ліпеня святкаванне Дня Незалежнасці пачнецца цырымоніяй ускладання кветак і вянкоў да помніка «Вызваленне» і працягнецца каля Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць – герой». Пазней адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Кобрынскага пуцеправода. Святочныя канцэрты пройдуць на вул. Савецкай, у Брэсцкай крэпасці, каля гандлёвага цэнтра «Экватар».

Ужо 2 ліпеня ў Віцебску мітынг, прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці, адкрые серыю святочных падзей. А 3 ліпеня адбудзецца шэсце працоўных калектываў і грамадскасці ад памятнага знака 60-годдзя Перамогі да плошчы Перамогі. Пазней можна будзе пабачыць ваенны парад і прыняць удзел у мітынгу, урачыстым ускладанні кветак і вянкоў да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны, да бюста Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы П.М. Машэрава. Выстава-кірмаш майстроў народных рамёстваў “З рук майстра” пройдзе на пляцоўцы каля помніка Пушкіну. Канцэртныя пляцоўкі будуць працаваць на пл. Перамогі, каля КЗ «Віцебск», у Алеі воінскай славы, Комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі, парку Пераможцаў.

У Гомелі 2 ліпеня адбудзецца адкрыццё мемарыяльнага комплексу і Алеі Герояў, а таксама ўскладанне вянкоў і кветак да помнікаў і памятных знакаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. 3 ліпеня пройдзе святочнае шэсце ветэранаў, працоўных, спартсменаў і творчай моладзі Гомеля. На пл. Працы пройдуць мітынг і цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў, там жа пройдуць вайскоўцы. Адметнай будзе выстава ўстаноў адукацыі Гомеля на пляцоўцы каля медыцынскага ўніверсітэта, там жа парадуюць жыхароў і гасцей горада удзельнікі святочнага канцэрта; свае музыкальныя праграмы прадставяць калектывы і выканаўцы ў скверы імя А. Грамыкі, каля кінатэатра імя М. Калініна.

Святочныя мерапрыемствы ў Гродна пачнуцца 3 ліпеня на Кургане Славы, дзе адбудуцца мітынг, парад ваеннай тэхнікі і войскаў гродзенскага гарнізона, плац-канцэрт роты ганаровага каравула, дэфіле ваеннага аркестра; будзе працаваць гастрафэстпляцоўка «Смаката», якая дасць магчымасць пакаштаваць салдацкі хлеб і кашу. Тут жа адкрыецца канцэртная праграма ваеннага аркестра і аркестраў Гродна. На пл. Леніна гасцінна запросіць гасцей «Арт-кафэ» пад адкрытым небам. У гарадскім парку Ж. Жылібера ўвесь дзень будуць працаваць выстава рамеснікаў, майстар-класы, квэст-гульня, музычная праграма. Дзяцей на гульні, конкурсы, віктарыны і розыгрышы запрашае «Швейцарская даліна». А вул. Савецкая ў Дзень Незалежнасці ператворыцца ў Арбат мастацтваў.

Святкаванне Дня Незалежнасці ў Магілёве пачнецца мітынгам на Буйніцкім полі. Для дзяцей будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка «Аўтографы Вялікай Айчыннай» у скверы імя Герцэна, а таксама наладжана свята «Беларусь – краіна белых буслоў» у парку Падміколле, культурна-спартыўная праграма «Беларусь – краіна шчаслівага дзяцінства» на вул. Куляшова. На бульвары Непакораных пройдзе фестываль «Магілёў – лепшы горад землі». Свята творчасці і талентаў «Беларусь – крыніца натхнення» пройдзе на вул. Ленінскай. Сваімі музычнымі падарункамі выканаўцы будуць радаваць гараджан на розных пляцоўках.

Ва ўсіх кутках Беларусі праходзяць акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», «Падары немаўляці вышыванку», «Праспяваем гімн разам!» і інш.

Дзень Незалежнасці – гэта свята, якое мае вялікае значэнне для ўсіх нас. У гэты дзень нашы сэрцы перапаўняяць гонар, радасць і ў той жа час гора і смутак ад усведамлення таго, якой дарагой сталася наша незалежнасць. У гэты дзень хочацца пажадаць міру і згоды, шчасця і дабрабыту Беларусі, а значыць, і ўсім нам!

 

НIА