Працягвае работу Рэспубліканская акцыя «Культурны маршрут „Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям“», арганізатарам якой выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мэта правядзення – падтрымка развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці сучасных пісьменнікаў Беларусі, адраджэнне традыцый чытання, знаёмства дзяцей з сучаснай беларускай літаратурай.
У рамках акцыі плануецца правядзенне прэзентацый кніг і сустрэч з пісьменнікамі, аўтограф-сесій, конкурсаў, віктарын, імпрэз, прысвечаных кніжным героям, і г. д.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» ладзіць конкурс школьных сачыненняў і малюнкаў па любімых творах беларускіх пісьменнікаў. Сачыненні (водгукі, рэцэнзіі, замалёўкі, эсэ) і малюнкі могуць быць прысвечаны творам (альбо іх героям) як пісьменнікаў-класікаў, так і сучасных айчынных празаікаў і паэтаў. Да ўдзелу запрашаюцца школьнікі любога ўзросту.
Па выніках конкурсу выдавецтва «Мастацкая літаратура» мяркуе выдаць кнігу, у якую ўвойдуць найбольш цікавыя і арыгінальныя сачыненні і малюнкі.
З Планам мерапрыемстваў па правядзенні рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут „Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям“» можна азнаёміцца тут.
НІА
па матэрыялах сайта
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь