Печать
Категория: Очные/дистанционные семинары (семинары-практикумы)

У Нацыянальным інстытуце адукацыі 6 лютага 2020 года адбыўся семінар «Асаблівасці работы з вучэбным дапаможнікам „Беларуская літаратура“ для 9 класа». У семінары прынялі ўдзел аўтары вучэбнага дапаможніка па беларускай літаратуры, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі і 51 настаўнік з розных рэгіёнаў Беларусі.

Пра структурна-змястоўныя асаблівасці новага вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура. 9 клас» расказала Праскаловіч Вольга Уладзіміраўна, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтар вучэбнага дапаможніка.

Яна адзначыла, што курс 9 класа ў сістэме літаратурнай адукацыі займае асобнае і адрознае (у параўнанні з папярэднімі класамі) месца як пераходны этап ад сярэдніх да старэйшых класаў і адносна завяршае агульную сярэднюю адукацыю. Гэта клас «спецыяльна дыялагічны», вучні якога арганізуюць паслядоўны дыялог паміж рознымі тыпамі культур (сярэдневяковай, рэнесансавай, Новага часу, ХХ стагоддзя). Навучанне ў гэтым класе будуецца на аснове найбольш вядомых, рэпрэзентатыўных, «прэцэдэнтных» тэкстаў, засваенне якіх можа служыць ключом да разумення важных асаблівасцей культуры народа.

Пра асаблівасці прадметна-метадычнай падрыхтоўкі настаўніка беларускай мовы і літаратуры па рэалізацыі праграмнага зместу вучэбнага прадмета «Беларуская літаратура» ў 9 класе расказаў адзін з аўтараў вучэбнага дапаможніка Жуковіч Мікалай Васільевіч, дырэктар ДУА «Сярэдняя школа №1 імя В.Х. Галаўко г. Бярозы», настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст».

Ён пазнаёміў удзельнікаў семінара з асноўнымі метадычнымі падыходамі пры вывучэнні зместу адукацыі і падзяліўся сваім вопытам настаўніка па выкладанні беларускай літаратуры ў 9 класе.

Панкратава Алена Яўгенаўна, саіскальнік НІА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 20 г. Оршы», ПУА «Сярэдняя школа Стэмбрыдж» расказала пра патэнцыял вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура. 9 клас» у фарміраванні медыякампетэнцый вучняў.

Яна акцэнтавала ўвагу на тым, як выпрацоўваць у навучэнцаў здольнасць бачыць спецыфіку інтэрпрэтацыі літаратурнага твора ў медыятэксце. Спынілася на мастацка-выразных сродках стварэння літаратурнага вобраза ў розных відах медыятэкстаў. У якасці ўзору былі прадстаўлены лепшыя работы яе вучняў.

Пра шэраг пераваг, якія ўзнікаюць пры выкарыстанні адукацыйнай дзейнасці музея пры вывучэнні беларускай літаратуры ў 9 класе, расказала ўдзельнікам семінара Грынько Святлана Дзмітрыеўна, саіскальнік НІА, магiстр педагагічных навук, старшы выкладчык кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы».

Яна выступіла з тэмай «Музей як дзейсны сродак фарміравання асобасных кампетэнцый навучэнцаў (на матэрыяле вучэбнага дапаможніка „Беларуская літаратура. 9 клас“)».

У выніку работы семінара былі выпрацаваны метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе вучэбнага дапаможніка «Беларуская літаратура. 9 клас».

Семінар прайшоў у атмасферы зацікаўленасці і добразычлівасці.

 

НІА