З 5 па 9 лютага 2020 года ў Мінску пройдзе XXVII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая традыцыйна адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з'яўляецца своеасаблівай справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год.

Сёлета ганаровым госцем выставы з’яўляецца Расійская Федэрацыя, цэнтральным экспанентам – Злучаныя Штаты Амерыкі.

Мерапрыемствы пройдуць не толькі на пляцоўках Нацыянальнага выставачнага комплексу «БелЭкспа» (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 14), але і ў кнігарнях, бібліятэках, музеях: будуць арганізаваны прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і многае іншае.

9 лютага, у нядзелю, у апошні выставачны дзень, адбудзецца круглы стол «Праблемы гісторыі на старонках сучаснасці». Мерапрыемства абвешчана часопісам «Маладосць» і пачнецца а 13-й гадзіне. Такі выбар дня і часу абумоўлены тым, што заяўкі на ўдзел у «круглым стале» атрыманы не толькі ад мінскіх даследчыкаў мінулага, але і ад іншагародніх, частка якіх – студэнты, настаўнікі, вучні. У прыватнасці, чакаюцца госці з Гродна, Слоніма, Ліды.

Прапанаванае праблемнае поле закранае пытанні сэнсаў і ролі актуалізацыі мінулага, прычыны пагрэшнасцей сучаснага ўспрымання гістарычных падзей, эстэтыку «наватвораў» і этыку абвяржэнняў, суаднесенасць мэт і сродкаў «ажыўлення» гістарычных асоб і падзей, інтуітыўныя падыходы ў даследаваннях і новыя межы ў сумненнях і пафасе. Важна адзначыць, што тэматыка і спецыфіка «круглага стала», ініцыяванага «Маладосцю», выклікала досыць вялікую і адназначна жывую цікавасць. У выніку праграму мерапрыемства складуць выступленні на тэмы вуснай і лакальнай гісторыі, гістарычнай фікцыі і гістарычнай прозы, у актуальным кантэксце будуць закрануты вобразы Рагнеды, Льва Сапегі і Уладзіслава Сыракомлі, а гістарычная спадчына будзе разгледжана нават і праз прызму Instagram. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў «круглага стала» звернуцца вядомыя гісторыкі і літаратары.

 

 

НІА