Ужо дзясяты раз на гасціннай шклоўскай зямлі 6-7 ліпеня адзначалася рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Сёлета сюды прыехалі госці з усёй Беларусі, а таксама з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.

Гасцей чакала насычаная культурна-забаўляльная праграма: майстар-класы, тэматычныя квэсты, спартыўныя спаборніцтвы, гульні і конкурсы, а таксама выступленні розных калектываў на пляцоўках свята і грандыёзны гала-канцэрт «Зроблена ў Беларусі» з удзелам замежных і айчынных выканаўцаў.

Творчыя калектывы магілёўскіх устаноў адукацыі прынялі актыўны ўдзел у правядзенні святочнай забаўляльнай праграмы «Пакаленне NEXT». Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7, Сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова радавалі гасцей цудоўнымі музычнымі і харэаграфічнымі нумарамі.

Навучэнцы і работнікі Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага, Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Крычаўскага дзяржаўнага прафесійнага агратэхнічнага каледжа, Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2, Дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 г. Магілёва імя А.П. Старавойтава прэзентавалі свае вырабы на выставе-кірмашы. Чаго тут толькі не было! Арыгінальныя калекцыі ўпрыгожванняў і аксесуараў, цацкі, карціны, пано, мэбля з дрэва для дома і лецішча, вырабы з металу, сувеніры… Кожны мог знайсці сабе рэчы для душы.

Свята «Александрыя збірае сяброў» запомнілася ўсім яркімі падзеямі і пазітыўным настроем. Большасць гасцей і ўдзельнікаў ад’язджала з надзеяй на будучыя сустрэчы.

НІА
па матэрыялах сайта http://mogileviro.by