Печать
Категория: Культура

5 жніўня адзначае свой 70-гадовы юбілей заслужаны артыст БССР, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, педагог, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук.

Нарадзіўся артыст у невялікай вёсцы Валавель Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства марыў аб прафесіі акцёра. Але ў 1962 годзе па патрабаванні бацькоў спрабаваў паступіць у медыцынскі інстытут. Аднак спроба не ўдалася. Дасягнуўшы паўналецця, паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, які  паспяхова скончыў у 1968 годзе.

Творчая дзейнасць У. Мішчанчука пачалася больш за сорак гадоў таму ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе ён сыграў больш за пяцьдзясят роляў. У 1985 годзе артысту прапанавалі пасаду загадчыка кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля гэтага ён пераехаў у Мінск.

Уладзімір Андрэевіч займаецца педагагічнай і навуковай дзейнасцю. З 1990 года – дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З’яўляецца аўтарам сямі навукова-метадычных работ, членам грамадскага аб’яднання «Беларуская гільдыя акцёраў кіно».

За час працы ва ўстанове адукацыі ў якасці педагога У. А. Мішчанчук выпусціў больш за 80 спецыялістаў у сферы тэатра, кіно і тэлебачання, якія паспяхова працуюць у творчых калектывах Беларусі, Расіі, Бельгіі, Італіі, Літвы і іншых краін свету. Многія з іх з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Акрамя работы па падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў для тэатраў і кіно, Уладзімір Андрэевіч зняўся ў многіх карцінах. Лепшыя фільмы з яго ўдзелам: «Вадзіцель аўтобуса» (1983), «Свежына з салютам» (2001), «Бабін Яр» (2002), «Мужчыны не плачуць» (2004) і «На безыменнай вышыні» (2004). Усяго за творчае жыццё ён выканаў больш за 100 роляў у тэатры, кіно, на тэлебачанні і радыё.

У. А. Мішчанчук узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2006), юбілейным медалём ЦК Прафсаюзаў работнікаў культуры «За доблесную працу» (2006), медалём Францыска Скарыны (2007), а таксама ганаровымі граматамі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусь – Расія, Міжнароднай акадэміі тэатра, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, Першамайскага райвыканкама г. Мінска, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ЦК Прафсаюзаў работнікаў культуры, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Талент, прафесіяналізм, яркая харызма артыста выяўляюцца не толькі ў акцёрскай дзейнасці. Уладзімір Анрэевіч выдатна малюе, піша мудрыя вершы і шчодра дорыць іх сваім калегам, сябрам і блізкім. Віншуем юбіляра!

 

НІА