Печать
Категория: Культура

7 ліпеня 2016 года ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы юбілейнага Пятага Смалявіцкага пленэру мастакоў-педагогаў «Лета ў правінцыі».

  

 

Усе прадстаўленыя на экспазіцыі карціны ўражваюць асаблівым, унікальным стылем кожнага мастака. Але аб’яднаныя яны непаўторнай энергетыкай любові да пейзажаў і мясцін, якія ляглі на палатно пад пэндзалямі творцаў.

 

 

Куратар і ідэйны кіраўнік пленэра Наталля Аляксееўна Камінская, загадчыца аддзела выяўленчага мастацтва Смалявіцкай дзіцячай мастацкай школы, падчас выступлення на адкрыцці выставы адзначыла, што мерапрыемства наладжана пры ўдзеле вялікай каманды, і падзякавала ўсім, хто дапамагаў са стварэннем экспазіцыі ды арганізацыяй пленэру.

 

 

Акрамя гэтага, Наталля Аляксееўна раскрыла асноўныя мэты і задачы мерапрыемства. Па яе словах, пленэр – гэта ў першую чаргу магчымасць самавыражэння для мастакоў-настаўнікаў, у якіх праз вялікую і цяжкую працу з дзецьмі недастаткова часу для ўласнай творчасці. А як можна выкладаць выяўленчае мастацтва, калі ты не можаш паказаць вучням сваіх прац? Таму мастакі і ў гэтым выпадку ў першую чаргу настаўнікі: праз творчасць уласную яны бачаць магчымасць прасоўвання мастацтва да дзяцей.

 

 

 

Дарэчы, юныя таленты Смалявіцкага раёна ахвотна падтрымалі ўдзельнікаў выставы, упрыгожыўшы цырымонію адкрыцця сваімі выступленнямі. Адна з прац, прадстаўленых на экспазіцыі, была разыграна ў латарэю.

На адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці. Пётр Краўчанка, былы міністр замежных спраў Беларусі, які падчас сваёй дыпламатычнай працы наведваў шмат найбуйнейшых мастацкіх галерэй свету, адзначыў вельмі высокі ўзровень прац удзельнікаў пленэру. А мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн распавяла пра ўклад творцаў Смалявіцкай зямлі ў сучаснае беларускае мастацтва.

 

 

Арганізатары пленэру адзначаюць пэўную сімвалічнасць: першы юбілей прыпадае менавіта на Год культуры. У гэтым годзе ўдзельнікамі сталі больш за 30 мастакоў з Мінска, Салігорска, Слуцка, Мачулішчаў, Магілёва, Бабруйска, Узды, Барысава, Нясвіжа, нават з Растова-на-Доне і Астаны. І, безумоўна, з саміх Смалявіч.

Усе папярэднія гады пленэры мелі тэматычную назву. Напрыклад, у мінулым годзе ён называўся «Сцежкамі памяці» і быў прысвечаны баявой славе. 2016-ы таксама не стаў выключэннем: тэма пленэру – «Чыстыя вытокі». Мастакі, якія прымуць у ім удзел, будуць ствараць выявы вадаёмаў Смалявіччыны. Арганізатары спадзяюцца, што праца на прыродзе будзе спрыяць творчаму настрою, натхненню і плёну ўдзельнікаў.

 

 

Смалявіцкі пленэр – гэта яшчэ адзін доказ таго, што выхаваннем і прафесійнай падрыхтоўкай будучых дзеячаў беларускага мастацтва займаюцца неверагодна таленавітыя людзі, якія тонка адчуваюць свет і ўмеюць бачыць прыгажосць, а значыць, змогуць перадаць гэтае ўменне наступнаму пакаленню, навучыць яго чэрпаць натхненне ад роднай зямлі, бо «зямля, упрыгожаная прыродай, – зямля, упрыгожаная любоўю». Гэтая думка магла б стаць своеасаблівым дэвізам арт-пленэру «Лета ў правінцыі».

 

 

 

 

 

Падрыхтавала Дар’я Смірнова,
студэнтка 1 курса факультэта журналістыкі
Інстытута журналістыкі БДУ

 

Фотаздымкі Арыны Гардзей,
студэнткі 1 курса факультэта журналістыкі
Інстытута журналістыкі БДУ