Печать
Категория: Культура

Для прыхільнікаў беларускага мастацкага слова і музыкі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры 29 сакавіка 2016 года ладзіць вечарыну «Чытаем Караткевіча разам».

У гэты дзень на галоўнай сцэне тэатра будзе прадстаўлены шэдэўр нацыянальнага мастацтва – опера «Сівая легенда», напісаная кампазітарам Дзмітрыем Смольскім на лібрэта Уладзіміра Караткевіча і ўвасобленая рэжысёрам-пастаноўшчыкам Міхаілам Панджавідзэ. А перад пачаткам спектакля ў Камернай зале тэатра прагучыць слова Уладзіміра Караткевіча. Вядомыя артысты тэатра і эстрады, тэлевядучыя, зоркі спорту прачытаюць вершы і ўрыўкі з празаічных твораў класіка беларускай літаратуры. Падчас антракту эстафету «Чытаем Караткевіча разам» змогуць працягнуць усе жадаючыя, прыняўшы ўдзел у конкурсе мастацкага чытання.

У фае тэатра побач з Камернай залай будзе разгорнута выстава «Быў. Ёсць. Буду…» з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Гледачы ўбачаць рукапісы Караткевіча, рэдкія фотаздымкі пісьменніка і пачуюць архіўны запіс голасу Уладзіміра Сямёнавіча.

Арганізатары мерапрыемства запрашаюць прыняць удзел і ў конкурсе на самае арыгінальнае селфі з кнігай Уладзіміра Караткевіча, якое патрэбна да 28 сакавіка апублікаваць у Instagram з хэштэгам #bolshoibelarus. Прыз пераможцу – білет на оперу «Сівая легенда».

НІА
па матэрыялах сайта http://bolshoibelarus.by/by