24 ліпеня 2021 года ў г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці пройдзе XI Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва. Арганізатары мерапрыемства – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры».
Фестываль «Берагіня» праходзіць у Беларусі з 1998 года і з'яўляецца ўнікальнай падзеяй у культурным жыцці краіны. Яго мэты – падтрымка народнай творчасці, захаванне рэгіянальнай і мясцовай мастацкай культуры, пошук новых фальклорных калектываў. Галоўная задача мерапрыемства заключаецца ў прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблем выхавання падрастаючага пакалення сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва.
Сёлета ўдзельнікамі форуму стануць носьбіты і пераемнікі мастацкіх традыцый – аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці з Беларусі, самабытныя калектывы, выканаўцы народных бытавых танцаў, народныя музыкі, майстры розных відаў рамёстваў і інш.
У праграму мерапрыемства ўключаны XV Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў беларускіх народных парных танцаў «Лявонiха», III Рэспубліканскі конкурс сольнай харэаграфічнай імправізацыі «Барыня». Адчуць атмасферу свята дазволіць «Рудабельскi кiрмаш» – на яго пляцоўках размесцяцца рэгіянальныя падворкі дамоў рамёстваў краіны, выставы-продажы вырабаў, музычна-забаўляльныя і танцавальна-гульнявыя імправізацыі, майстар-класы.
Сярод дзіцяча-юнацкіх фальклорных калектываў адбудзецца турнір «З рога – усяго многа», у якім праадугледжана пяць намінацый: «Карагод», «Кадрыля», «Полька мясцовая», «Спевы», «Найгрыш ансамблевы».
Упрыгожаннем свята стануць фэст беларускіх фальклорна-этнаграфічных груп «Спадчына» і відовішчнае шэсце ўдзельнікаў фестывалю па вул. Савецкай да гарадскога сквера, дзе адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне і канцэрт лаўрэатаў.
XI Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» завершыцца інтэрактыўнай танцавальна-забаўляльнай пляцоўкай «Танцавальны марафон» і святочным салютам.
НІА
паводле сайта http://www.oktiabrskiy.gomel-region.by