З 15 па 22 лютага 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праходзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. З нагоды свята філіялам «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» запланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў – круглых сталоў, прэзентацый, мерапрыемстваў адукацыйна-забаўляльнага характару.
Так, 15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Акадэмік Яўхім Карскі – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф», прысвечаны 160-годдзю вучонага і 100-годдзю Інбелкульта.
16 лютага Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа запрашае на прэзентацыю кнігі «Шкляр Г. З. Выбраныя працы. Моўная спадчына» і круглы стол «Беларуская мова ў кітабах». А у рамках мерапрыемстваў Школы юнага лінгвіста будзе праведзена гульня-віктарына па старабеларускай лексіцы «Моўная скарбонка» з выхаванцамі тэатральнай майстэрні «Sofit».
17 лютага ў Доме прэсы адбудзецца прэс-канферэнцыя «Захаванне беларускай мовы як галоўнага атрыбута нацыі і дзяржавы. Уплыў глабалізацыі на стан мовы». У гэты ж дзень у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа запланавана сустрэча з вучнямі, настаўнікамі і дырэктарам мінскай гімназіі № 25. У праграме мерапрыемства: знаёмства з працай айчынных вучоных-моваведаў; навукова-практычны семінар на тэму «Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні беларускай мовы»; гульня-віктарына па фразеалогіі і безэквівалентнай лексіцы. Сустрэча, па задуме арганізатараў, павінна паспрыяць не толькі пашырэнню кругагляду навучэнцаў, а, магчыма, і выбару іх далейшага прафесійнага шляху.
18 лютага на базе ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі „Ветразь“ г. Мінска» будзе праведзены трэці адкрыты конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы «Кацігарошак».
19 лютага а 13-й гадзіне пачнецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прыняць удзел у якой можна як непасрэдна ў памяшканні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, так і ў фармаце анлайн. У гэты ж дзень Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа прэзентуе дакументальны фільм «Гаворкі Беларусі» пра дыялектныя згрупаванні гаворак беларускай мовы і іх адметныя рысы.
22 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа будзе праведзены круглы стол «Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства». Удзел у пасяджэнні прымуць супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, члены Экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, члены Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, спецыялісты філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў.
Больш падрабязна з праграмай мерапрыемстваў Тыдня роднай мовы можна азнаёміцца тут.
НІА
па матэрыялах сайта
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі