Печать
Категория: Культура

Янка Купала

Урывак з паэмы «Магіла льва»

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў

Старонцы нашай Бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог бы ў сваты
К ёй не адной, каб толькі знаў.

Душы і сэрцайка такога
І той бязмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў Бога, –
Ў другіх людзей не знойдзеш ты.

На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем не кінуў
І не паважыцца кідаць.

***

Эдуард  Акулін
«Жанчына»

Жанчына – сасуд бяз дна…
Дакладней – Сусвет сусветаў.
Сам Бог у яго віна
наліў, каб натхняць паэтаў.

Заблудзяцца ночы ў днях
у пошуках апахмелкі…
Жанчына – сасуд бяз дна
для тых, хто душою нямелкі.

Камусьці – фрагмент рабра,
узноўлены для Адама…
А мне – акіян святла –
Каханая, Муза, Мама.

***

Васіль Зуёнак
«Жанчына»

Табе – пракляцце, і табе – хвала,
Табе – вар’яцтва і цвярозы розум,
А ты ўсё тая ж – як вякоў імгла,
Як летуценнай будучыні роздым.
Жыццё і смерць – і паміж імі ты:
Імгненне шчасця і сусветны холад.
Яшчэ ніхто – ні грэшнік, ні святы
Не разарваў твайго сакрэту кола.
Шпурнеш у пекла ці адкрыеш рай –
Тваё каханне таямніцай будзе,
Як той, нікім не разгаданы, край,
Куды навечна адыходзяць людзі.

***

Таццяна Цвірка
«Жанчына»

Добрая. Маўклівая. Самотная.
Мяккая. Прывабная. Душэўная.
Шчырая. Жаданая. Салодкая.
Чулая. Таемна-задуменная.
Смелая. Суровая. Рашучая.
Упартая. Упэўненая. Спрытная.
Гордая. Гарачая. Калючая.
Любая. Чароўна-аксамітная.

Сотні слоў сплятуцца ў адзінае,
Не любіць якое немагчыма.
Хай ляціць да зораў жураўлінае,
Слова непаўторнае «жанчына».

Дбайная. Руплівая. Нястомная.
Клапатлівая. Жывая. Шчодрая.
Злосная. Кіпучая. Нязломная.
Гнеўная. Бурклівая. Халодная.
Звонкая. Прыветная. Забаўная.
Яркая. Гарэзлівая. Мілая.
Весялуха. Прыгажуня. Слаўная.
Мудрая. Каханая. Шчаслівая.

****

Мікола Шабовіч

Як на цябе, я, мабыць, не глядзеў
Шчэ ні на кога – толькі на ікону.
Спатканая сягоння неспадзеў,
Ты не мая, але мая да скону.
Ты нараджаеш рыфмы і радкі,
У тваім паглядзе яснаспевіць лета.
О, як крануцца мне тваёй рукі,
Мая Джаконда і мая Джульета?!.
Як і прыйшла, ты пойдзеш неспадзеў,
Хоць не мая, але мая да скону.
Як на цябе, я, мабыць, не глядзеў
Шчэ ні на кога – толькі на ікону.

***

Сяргей Грахоўскі
«Прызнанне»

Як я жыў без цябе?
І не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А ў нас, на планеце
Ты ў зялёным і ціхім завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкрока
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся, як сцежкі расходзяцца ў полі,
І не знаў бы за страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх, пакутаваць,
Мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай сустрэць.
І пазнаць,
І адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
І паверыць, што прыйдзе
І збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўседы скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць на высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..

***

Рыгор Барадулін
«Княгіня»

Княгіня хараства, я верны Ваш халоп,
Капрызаў Вашых неадступны лёкай,
I колькі навальніц ні адгуло б,
Мне не наблізіцца да Вас, далёкай.
Я ведаю, што і не ведаеце Вы,
Хто ў Вас адну нахабна закаханы,
Хто толькі думкаю аб Вас жывы
I на крыжы мілосці ўкрыжаваны.
Вы долам, як нябёсамі, йдзяцё,
Каб у прыгнечанай душы світала,
I радуецца, як дзіцё, жыццё,
Што на зямлю лагода завітала.
Зірне на Вас – зарок забудзе мніх,
Без Вас прыдворня уздыханцаў гіне.
Дык ведайце, што першы сярод іх
Я, Ваш халоп пакорнейшы, Княгіня.

***

Валянціна Гіруць-Русакевіч

Непараўнальныя вясны сястрыцы!
О, Лады, Берагіні, Каралеўны!
Хай радасць светлая ў вачах іскрыцца,
А ў сэрцы лашчыцца вясны напеўнасць.

Няхай жыцця будзённую клапотнасць
Лагодзіць, грэючы, агонь кахання.
Віншую вас, каханых, мілых, родных
З вясны пачаткам – года ясным раннем.

Адметным гэтым днём сакавіковым
Складаюць усе рыцары-мужчыны
Свае пачуцці, вершы, кветкі, словы
Да ног Яе Вялікасці Жанчыны.

Няхай жа будзе гэткіх дзён паболей
У жаночым (ён такі няпросты!) лёсе.
Патканай шчасцем, мілыя, вам долі,
І што ў задумах-марах – каб збылося.

Каб цешылі матуль заўсёды дзеці
І любыя адорвалі каханнем.
Усё лепшае, што толькі ёсць на свеце,
Жадаю вам з вясновым віншаваннем!

Вядучая «Паэтычнай старонкі»
Інга Пінголь,
метадыст І катэгорыі
ўпраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА