ІІ тур конкурсу біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», прысвечаных беларускім пісьменнікам ХІХ стагоддзя, урачыста фінішуе на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Як вядома, гэты конкурс праследуе такія мэты, як развіццё ў сучаснай беларускай прозе гісторыка-біяграфічнага жанру і створаны спецыяльна для таго, каб заахвочваць літаратараў да працы ў рэчышчы дакументальна-мастацкай творчасці.

Нельга не адзначыць і патрыятычную ролю: конкурс накіраваны на папулярызацыю гісторыі айчыннай літаратуры. Сярод крытэрыяў ацэнкі – не толькі дакладнасць фактаў, праўдзівасць дэталей эпохі і цэласнасць аповеду, але і займальнасць, арыгінальнасць, арыентаванасць на школьную і студэнцкую аўдыторыі.

Конкурс праводзіцца другі год рэдакцыяй часопіса «Маладосць» сумесна з філфакам БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Да ІІ тура, які доўжыўся на працягу 2019 года, далучана кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.

Вынікі былі падведзены членамі журы (у складзе якога – кандыдаты і дактары навук, даследчыкі гісторыі літаратуры) яшчэ ў канцы снежня, але многае трымаецца ў сакрэце да дня ўзнагароджвання. Так, вядома, што ў ІІ туры дыплом пераможцы атрымлівае адзін канкурсант, яшчэ чатыры ўдастояцца дыпломаў лаўрэатаў, астатнія атрымаюць дыпломы ўдзельнікаў. Пераможца і лаўрэаты атрымаюць грашовыя прэміі.

ІІ тур конкурсу «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя» даў паўнавартасныя творы пра наступных пісьменнікаў ХІХ стагоддзя: Франца Савіча, Уладзіслава Сыракомлю, Вайніслава Савіча-Заблоцкага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Кастуся Каліноўскага.

Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 8 лютага і пачнецца а 13-й у канферэнц-зале РВЦ «БелЭкспа» на Пераможцаў, 14.

 

Святлана Воцінава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»