Печать
Категория: Новостная лента

Спакон веку жыццё чалавека звязана з дарогай. Адной з самых старажытных дарог у Беларусі з'яўляецца Старавіленскі шлях, па частцы якога 9 ліпеня адправіліся супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, праехаўшы ад Мінска праз Залессе, Смаргонь, Солы да Гервятаў.

Гэта цікавае падарожжа было арганізавана прафсаюзным камітэтам інстытута, а стала магчымым дзякуючы прафесіяналізму супрацоўнікаў і кіраўніцтва Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Першым прыпынкам стала сядзіба Агінскіх у Залессі. У адрэстаўраванай сядзібе ХІХ стагоддзя ўзноўлена атмасфера жыцця шляхты, калі тут жыў вядомы кожнаму беларусу з дзяцінства Міхал Клеафас Агінскі, кампазітар, палітык, грамадскі дзеяч. І хоць мемарыяльных рэчаў у музеі няма, але дух вялікага аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай” тут жывы.

 Не менш уражанняў прынесла і прагулка па дзіўным парку з альтанкамі, памятнымі камянямі. Хтосьці пракаціўся ў шыкоўнай белай карэце.

Наступным прыпынкам быў горад, вядомы сваёй акадэміяй для мядзведяў – Смаргонь. Тут згадваюцца радкі “наравістай паэмы” “Смаргонская акадэмія” Рыгора Барадуліна:

Аб’яўляе набор Акадэмія!

Жартаваць з яе не след,

Не эпігонская ,

А вядомая на цэлы свет

Смаргонская!

Напамінам пра тую акадэмію з’яўляецца скульптурная кампазіцыя на адной з цэнтральных алей парка – вясёлыя скамарохі з мядзведзем.

У гэтым цудоўным горадзе захаваўся адзін з нешматлікіх у Беларусі помнікаў эпохі Адраджэння – касцёл Святога Міхаіла (былы кальвінісцкі збор). Гэты ўнікальны будынак за свае больш за 400 гадоў памятае розныя перыяды гісторыі нашай краіны: і час мірнай стваральнай працы, і гады бесчалавечных войнаў.

Напамінам пра жудасці зброі з’яўляецца мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Ён складаецца з трох скульптурных кампазіцый “Бежанцы”, “Салдаты” і “Крылаты геній салдацкай славы”. 810 дзён на гэтым месцы было супрацьстаянне расійскай і германскай армій, 810 дзён подзвігу мужнасці і стойкасці “мёртвага горада”. Дагэтуль захавалася прыказка: “Кто под Сморгонью не бывал – тот войны не видал”.

Працяг гісторыі той вайны чакаў падарожнікаў у Солах. Менавіта тут у 1917 годзе было падпісана перамір’е паміж савецкай Расіяй і Германіяй. Галоўным упрыгожваннем гэтага мястэчка з’яўляецца касцёл Маці Божай Ружанцовай, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Яго ўнікальнасць у незвычайнасці формы і ліній будынка: з усіх бакоў ён розны і неверагодна прыгожы.

І апошні прыпынак – Гервяты. Вось як апісаў свае яркія ўражанні ад гэтага месца Васіль Фёдаравіч Русецкі, начальнік навукова-даследчага цэнтра: “Словно в фантазиях Стивена Кинга часть иного мира, вклинившегося в тот, в котором существуем мы. Словно кусочек Парижа, вставленный в наши просторы. Он такой маленький, что в него входишь и выходишь: шаг – и ты в привычном глазу белорусском местечке, шаг назад – и ты снова в чудесном заоблачном мире, где реальные Бог, святые и райский сад. И в то же время этот кусочек Эдема безграничен, как безгранична одна-единственная душа”.

Сапраўды, менавіта тут разумееш, што гэта музыка старажытнага аргана, якая застыла ў камені. Усё – і сам касцёл, і музыка аргана, і парк з рэдкімі відамі раслін і скульптурамі, балцкімі крыжамі – схіляе чалавека да роздуму, філасофскага настрою. Славуты сын Беларусі, ураджэнец Астравеччыны Казімір Сваяк пісаў:

Знайсці сэнс радасці і суму жыццёвага – вось задача.

Прыхіліцца ў старану аптымізму – вось шлях.

Стварыць сінтэзу жыцця свайго, народа, людства – вось Ідэал!

Вось так прайшоў цэлы дзень: у назіраннях за тым, якая прыгожая і якая розная і непаўторная нашая краіна. І колькі яшчэ нераскрытых старонак хавае яна для нас…

Вячаслаў Караткевіч,

начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі