Печать
Категория: Новостная лента

Часопіс «Маладосць» падчас ХХІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 14) запрашае сваіх цяперашніх і будучых чытачоў на адмысловыя сустрэчы-дзеі.

Дзея першая — паэтычны бліц у дзень адкрыцця выставы

Калі і дзе: 3 мая, у сераду, з 15:00 да 16:00 на галоўнай сцэне, у межах прэзентацыі перыядычных выданняў Выдавецкага дома «Звязда».

Хвіліны яркай паэзіі з Дзмітрыем Шулюком.

Дзея другая — падпіска з падарункам

Калі і дзе: 4 мая, у чацвер, з 10:00 да 14:00 і 5 мая, у пятніцу, з 10:00 да 17:00 на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда».

Аформіўшы на стэндзе падпіску на ІІ паўгоддзе на часопіс «Маладосць», наведвальнік выставы атрымлівае ў падарунак захапляльную і ў нечым авантурную кнігу пра тое, як часопіс ствараўся і існаваў на працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў.

Кошт падпіскі на паўгоддзе — 23 рублі 40 капеек.

Ваш аператар падпіскі — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава, якой можна будзе задаць любыя пытанні.

Кніга «Скрозь “Маладосць”. Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру» коштам 7 рублёў 44 капейкі дастаецца падпісчыку бясплатна.

Дзея трэцяя — комікс-стэнд-майстар-клас і паэтычныя гаданні

Калі і дзе: 4 мая, у чацвер, з 17.00 да 17.40 ў канферэнц-зале выставы.

Запрашаюцца ўсе, хто хоча навучыцца маляваць коміксы і паваражыць на будучыню пры дапамозе вершаў. Мадэратар мерапрыемства — аўтар коміксаў пра Досцю і рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» Маргарыта Латышкевіч.

Дзея чацвёртая — квест «Старонкі часопіса “Маладосць”»

Калі і дзе: 5 мая, у пятніцу, з 11.00 да 12.30, на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда».

Наведвальнікам выставы прапануецца, дзейнічаючы ў камандах, знайсці размешчаныя па ўсім стэндзе старонкі «Маладосці», рашыць загадкі, змешчаныя там, каб дабрацца да ключавога выразу, а значць, і да галоўнага прыза.

Прыз: розныя, у тым ліку і файныя кубкі з лагатыпам часопіса, прыдатныя для кавы, гарбаты, малака ці кампоту. Вызначаюцца чароўнай уласцівасцю пераводзіць думкі з галавы на паперу. 

Выстава «СМІ ў Беларусі» — шанец сустрэцца з «Маладосцю» яшчэ раз або нарэшце пазнаёміцца з ёй і пасябраваць.

 

Часопіс «Маладосць»