Рэдакцыя газеты «Літаратура і мастацтва» і РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“» абвяшчаюць конкурс на лепшы ўрок пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры «Урокі сучаснасці». Прыняць удзел у ім могуць выкладчыкі навучальных устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Работы прымаюцца з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года. Вынікі будуць падведзены на пачатку студзеня 2018 года.
Мэта конкурсу – узняць прафесійную цікавасць педагогаў да айчыннай літаратуры, выхаваць будучых неабыякавых чытачоў, для якіх кніга павінна стаць спадарожнікам у жыцці.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна прадставіць метадычныя распрацоўкі ўрокаў пазакласнага чытання па сучаснай беларускай літаратуры (творы беларускіх аўтараў, напісаныя пачынаючы з 1990 года).
Каб прэзентаваць ідэю, трэба абазначыць наступныя моманты:
- назва і тэма заняткаў;
- абгрунтаванне актуальнасці тэмы;
- пералік твораў, па якіх праводзяцца заняткі;
- арыгінальнасць правядзення ўрока;
- удзел вучняў у занятках (цікавыя высновы і рэмаркі);
- вынікі (уласныя ўражанні настаўніка).
Удзельнікі конкурсу пагаджаюцца на рэдагаванне тэкстаў і іх публікацыю. Аб’ём тэксту – да 7000 знакаў.
Аўтары трох лепшых распрацовак атрымаюць грашовыя ўзнагароды. Найбольш цікавыя і арыгінальныя ўрокі будуць надрукаваныя на старонках газеты «Літаратура і мастацтва».
Поўныя ўмовы конкурсу размешчаны тут.
НІА