Русілка Вольга Іванаўна,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава
НОВАЕ Ў ЛІТАРАТУРАЗНАЎСТВЕ, або ПЯЦЬ ПРЫЧЫН, ПА ЯКІХ Я РАЮ НАБЫЦЬ І ПРАЧЫТАЦЬ ГЭТУЮ КНІГУ
У канцы 2017 г. пабачыла свет манаграфія супрацоўнікаў Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Уладзіміра Гніламедава і Міколы Мікуліча “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць” (Гніламедаў, У. Літаратура. Гісторыя. Свядомасць: гісторыка-літаратурны нарыс / Уладзімір Гніламедаў, Мікола Мікуліч. – Мінск : Беларуская навука, 2017. – 387 с.), якая, без сумненняў, з’яўляецца адной з самых значных кніг у беларускай гуманітарнай навуцы апошняга дзесяцігоддзя. Каб гэтае грунтоўнае, энцыклапедычнае выданне, якое ўжо атрымала высокую ацэнку ў друку, у прыватнасці, ў глыбока прафесійных рэцэнзіях вядомых навукоўцаў Анжэлы Мельнікавай і Таццяны Падаляк, не засталося не заўважаным маладой аўдыторыяй (а менавіта ёй важна своечасова і правільна самаідэнтыфікавацца як беларусам у сённяшніх няпростых умовах глабалізацыі), я прапаную некалькі істотных, на мой погляд, прычын, па якіх кніга зробіць багацейшай любую прыватную бібліятэку.
Прычына першая і найбольш асабістая – мой абсалютны давер і глыбокая павага да аўтараў, з працамі і навуковай пазіцыяй якіх я знаёмая не адзін дзясятак гадоў. На навуковых работах доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка У. В. Гніламедава, колькасць якіх перавысіла тысячу (у тым ліку 30 манаграфій), вырасла ўжо некалькі пакаленняў беларускіх літаратуразнаўцаў, многія з іх былі аспірантамі Уладзіміра Васільевіча і ведаюць яго як выдатнага даследчыка і прынцыповага чалавека. Істотна важным мне ўяўляецца тое, што У. Гніламедаў удала спалучае даследчыцкую дзейнасць з літаратурнай творчасцю, – ужо ў ХХІ стагоддзі ён напісаў гістарычную эпапею з дзевяці раманаў, у якой вырашыў маштабную задачу: стварыў мастацкую гісторыю беларускага народа праз гісторыю сваёй сям’і, паказаў чалавека ў плыні часу ХХ стагоддзя, даў пераканальны прыклад нацыянальнага беларускага характару. Пра любую з’яву У. Гніламёдаў умее напісаць не прыстасоўваючыся да павеваў часу, а аб’ектыўна, і, што немалаважна, цікава і займальна, як таленавіты пісьменнік. Другі аўтар кнігі “Літаратура. Гісторыя. Свядомасць”, Мікола Мікуліч, – маладзейшы, але таксама аўтарытэтны даследчык, аўтар каля 400 прац, сярод якіх 15 грунтоўных кніг. Аўтары не ўпершыню працуюць “у тандэме”, і як мне здаецца, удала дапаўняюць агульную канцэпцыю асабістымі знаходкамі, свежымі поглядамі, своеасаблівай унутранай дыялогавасцю апавядання.
Прычына другая – безумоўная надзённасць даследавання. Крызіс нацыянальнай, ментальнай самаідэнтыфікацыі, ідэнтычнасці – адна з найбольш вострых праблем сучаснасці. Глабалізацыя свету разбурае не толькі межы дзяржаў і народаў, але і духоўную цэласнасць асобы. І філосафы, і літаратуразнаўцы адзначаюць, што сучаснік вымушаны перажываць стан татальнай памежнасці, гібрыднасці, сцірання пэўнасці паміж сваім і іншым, чужым. Канцэптуальна значныя для беларускай літаратуры праблемы нацыянальнай спецыфікі прыгожага пісьменства, нацыянальнай ідэі, увасобленай у мастацкім слове, духоўных асноў нацыянальнага характару, якія абумоўліваюць яго трывалы, канстантны характар, не губляюць сваёй актуальнасці з часоў В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, М. Багдановіча, І. Канчэўскага, А. Цвікевіча і да пачатку ХХІ стагоддзя, калі адбываецца інтэнсіфікацыя вывучэння спецыфікі нацыянальнага характару і спосабаў яго рэпрэзентацыі ў мастацкім творы, пра што сведчаць работы У. Конана, Л. Гараніна, М. Тычыны, У. Гніламедава, М. Ермаловіча, А. Грыцкевіча, І. Чароты, А. Яцкевіча, А. Мельнікавай, У. Навумовіча і інш. У гэтым кантэксце гісторыка-літаратурны нарыс У. Гніламедава і М. Мікуліча, у якім асэнсоўваецца праблема нацыянальнай свядомасці беларусаў, нацыянальнага характару праз гістарычны шлях беларускай літаратуры ад Е. Полацкай да нашых сучаснікаў, – чаканая і разлічаная на шырокага чытача абагульняльная праца сістэмнага характару.
Прычына трэцяя – энцыклапедычны фармат даследавання. Заўсёды выклікаюць цікавасць працы, якія характарызуюць прадмет з найбольшай паўнатой. І ў гэтай сувязі дазволю сабе проста пералічыць асноўныя раздзелы кнігі, каб чытач меў магчымасць уявіць, якія гістарычныя эпохі развіцця грамадскай свядомасці асэнсоўваюцца праз прызму мастацкай літаратуры: “Этнічны ўзровень”, “Прырода. Ландшафт. Клімат”, “Язычніцтва. Мова”, “Гісторыя, Дзяржаўнасць. Хрысціянства”, “Тыпы і характары”, “Вялікае Княства Літоўскае”, “Пра характар Сярэднявечча”, “Рэнесанс”, “Рэфармацыя. Контррэфармацыя”, “Люблінская унія і яе наступствы”, “Барока”, “Заняпад”, “Litwo! Ojczyzno moja”, “Пад гнётам абставін. ХІХ ст.”, “У пачатку ХХ ст.”, “Будаўніцтва новага свету (1920 – 1930-я гады), “У Заходняй Беларусі (1921 – 1939) “Зварухніся, моц крывіцкая…”, “Паслухайце, вясна ідзе…”, “Вялікая Айчынная”, “ Пасляваенны перыяд”, “Новыя далягляды”, “Учора, сёння і заўтра”. Абапіраючыся на выключна вялікі корпус не толькі літаратуразнаўчых, але і прыродазнаўчых, філасофскіх, гістарычных навуковых крыніц, У. Гніламедаў і М. Мікуліч здолелі стварыць энцыклапедычна поўнае і акадэмічна глыбокае даследаванне вызначальных праблем айчыннай літаратуры ў кантэксце сацыяльна-гістарычнага развіцця народа і фарміравання нацыянальнай свядомасці. Прасочваючы этнагенез беларусаў ад сівых вякоў, аўтары нарысу пераканальна ўдакладняюць некаторыя традыцыйна-школьныя ўяўленні: “Беларуская народнасць, такім чынам, утварылася не толькі з крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў, але і з яцвягаў, і дайноваў з актыўным удзелам у гэтым працэсе прадстаўнікоў народаў-эмігрантаў з Палабскай Русі, Памор’я і Прусіі” (с. 47). Крышку раней аўтары прыводзяць паэтычнае асэнсаванне балцкай асновы нашага этнасу, дадзенае ў вершы В. Зуёнка : “Тым беларус і жывучы – / Кропелька балцкай крыві!..” (с. 11). Даследаванне змяшчае ў сабе мноства цікавых фактычных звестак побытавага, геаграфічнага, гістарычнага характару, якія робяць чытанне проста займальным. Так, гаворачы пра Вялікае Княства Літоўскае, аўтары малююць прывабны, хоць і не ідэальны, вобраз князя Альгерда: “ Ён быў другім сынам Гедыміна. Перавышаў братоў розумам і славалюбствам, вёў жыццё цвярозае, дзейнае, не піў ні віна, ні моцнага мёду, не цярпеў шумных баляванняў, быў заняты адзінай думкай пашырэння сваіх уладанняў. Дарэчы, не трымаўся заключаных дагавораў і заўсёды быў гатовы на вайну з суседзямі, калі толькі яна здавалася яму ў нечым карыснай. У 1362 г. адбылася бітва з імі на Сіняй Вадзе, у якой перамог князь Альгерд, адваяваўшы ў татарскіх ханаў Кіеў. Перамога … стала пачаткам вызвалення ўсходнеславянскіх тэрыторый ад ардынскага панавання, папярэдніцай перамогі над ханам Мамаем на Куліковым полі ў 1380 г.” (с. 47) Гісторыя ВКЛ асэнсоўваецца ў цеснай сувязі са зместам тагачасных беларуска-літоўскіх літапісаў, як і іншыя гістарычныя звесткі – з літаратурным працэсам пэўнага часу.
Прычына чацвертая – глыбокае даследаванне нацыянальнага характару беларусаў і яго ўвасаблення ў літаратуры, вызначэнне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Вылучаючы адметныя рысы іншых народаў (амерыканцаў, англічан, немцаў, французаў, рускіх, украінцаў), аўтары зазначаюць: “Беларуская нацыянальная свядомасць спалучае ў сабе адначасова прагматызм і ідэалізм… Беларускаму народу ўласціва вялікая працаздольнасць і працавітасць, вынослівасць і цярпенне, талерантнасць і дысцыплінаванасць… Беларуса паважалі і паважаюць за праўдалюбства, сумленнасць і цнатлівасць у грамадскім жыцці і асабістых учынках” (с. 8). Як на мой погляд, дык ідэальным літаратурным увасабленнем беларускага нацыянальнага характару з’яўляецца герой раманаў самога У. Гніламедава Лявон Кужаль, аднак аўтары, вядома, звяртаюцца да іншых прыкладаў, ствараючы выключна поўную панараму беларускай літаратуры розных гістарычных перыядаў, у якой знайшлося месца і прызнаным класікам (Якубу Коласу, Янку Купалу, У. Караткевічу, Максіму Танку, І.Мележу, І. Шамякіну і іншым), так і сучаснікам, у тым ліку і такой адметнай з’яве, як рускамоўная літаратура Беларусі. Вельмі важна, штотэарэтычныя разважанні ўдала спалучаюцца з канкрэтным і арыгінальным аналізам мастацкіх тэкстаў. Неабходна заўважыць, што якраз творы і займаюць асноўнае месца ў кнізе, яны шырока цытуюцца і асэнсоўваюцца. У тым ліку і нядаўнія – “бліскавінкі” Р. Барадуліна, напрыклад, якія выдатна абагульняюць саму сутнасць беларускай паэзіі: “Маліцца словам і слову маліцца” (с. 381). Цікавасць уяўляе і зварот да літаратуразнаўчых і публіцыстычных артыкулаў пэўнага часу, у якіх ставяцца пытанні нацыянальнай свядомасці беларусаў. Так, гаворачы пра літаратуру Заходняй Беларусі, аўтары нарыса звяртаюцца да такой даволі распаўсюджанай з’явы, як “культурнае рабства”, дабравольная асіміляцыя інтэлігенцыі.
Прычына пятая – лёгкая, вобразная мова, што адпавядае жанру нарыса. Сур’ёзныя навуковыя дэфініцыі нацыянальнага тыпу свядомасці і дамінантных рыс нацыянальнага характару зусім натуральна лучацца з эмацыянальна-вобразным стылем нарыса, што робіць яго не толькі пазнавальным, але займальным: “Гэта сапраўдны цуд, што не знікла Беларусь – як народ, як краіна – паміж Захадам і Усходам, паміж молатам і кавадлам. Гэты цуд у многім забяспечыла – трэба аддаць ёй належнае – беларуская літаратура, якая адыграла ролю носьбіта нацыянальнага генетычнага кода, нацыянальнай генетычнай памяці. Яна, як правіла, выступала носьбітам такіх універсальных гуманістычных паняццяў, як сумленне, праўда, справядлівасць, высакароднасць, годнасць” (с. 131). Такі стыль робіць узаемаразуменне з чытачом натуральным і нязмушаным. І яшчэ адзін штрых – афармленне кнігі, яе фармат і памеры. Гэта грунтоўны фаліянт, які не пачытаеш на канапе. Ён вымагае сур’ёзнай працы за пісьмовым сталом, што для інтэлігентнага чалавека – сапраўдная асалода.