Пачыналася ўсё як звычайна… Звычайны паход з сябрамі… Звычайнае возера… Звычайны лес…

Нават зыркае вогнішча позна ўвечары было хоць і вельмі прыгожым, але… звычайным.

Таямнічае, незразумелае пачалося потым, калі ўсе мае сябры паснулі, а на мой лёс выпала дзяжурства па лагеры. Я была падрыхтавана амаль што да ўсяго (нават да гасцей-наведвальнікаў баброў, што плёскаліся ў суседняй ручаіне, і вужакі, што ўдзень грэлася на сонейку, а цяпер дзесьці хавалася).

Але тут пачалося такое…

Спачатку было ціха, а потым наляцеў аднекуль вецер, усё вакол нібы ажыло, загайдалася, зашапацела. Стала няўтульна, трывожна, і раптам я пачула галасы…

 

Размаўлялі асіны, таполі:

– Мы баімся, нам страшна да болю,

Раптам гэта агонь ад снарадаў?

Ці ад куль партызанскіх атрадаў?

Мы і зараз забыць не можам

Тых баёў са зграяй варожай…

 

– Супакойцеся, – шэпча елка, –

Вы як тая дзетак сямейка,

Што хавалася пада мною –

Я тады была маладою –

Я іх лапнікам накрывала,

Як магла я іх ратавала.

 

Адазвалісь кусты, паляны:

– Мы таксама ішлі ў партызаны,

Мы хавалі дазоры, засады,

Мы гарэлі ў часы блакады…

 

Вось, здаецца, бярэзіны голас:

– Каб магла, пакланілася ў пояс

Пахаваным на ўзгорку салдатам.

Не магу… Але кожнай вясною

Успамінаю я іх слязою…

 

– Я старэйшы за вас намнога, –

Кажа дуб сурова і строга, –

Многа бачыў я гора людскога,

Не хачу, каб мае ўнукі

Перажылі б такія мукі…

            Я не магла слухаць далей. Супакойся, лес, супакойся, зямля мая. Мы таксама памятаем. Мы таксама не хочам, каб паўтараліся войны. Мы зробім усё, каб такога болей не было. Мы пастараемся… Вельмі-вельмі…