Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу», які заявіў пра сябе ў 2021 годзе, набірае абароты. У другім сезоне ён ахапіў шэсць гарадоў краіны – Рэчыцу, Столін, Навагрудак, Горкі, Полацк і Капыль. У гэтым месяцы ён пройдзе 22–23 ліпеня ў Горках Магілёўскай вобласці.

Адметнасцю другога сезону фестывалю «Вытокi. Крок да Алiмпу» з’яўляецца тое, што ў гэтым годзе замест буйных гарадоў-статысячнікаў форум будуць прымаць невялікія гарады з колькасцю жыхароў ад 10 да 30 тысяч.

Канцэпцыя фестывалю заключаецца ў тым, каб кожны чалавек мог знайсці сабе занятак па сэрцу. Спартыўныя лакацыі, цікавыя экскурсіі, канцэрты маладых і вядомых артыстаў, выставы-продажы «Беларускія брэнды», паказы дызайнераў, фуд-корты са стравамі нацыянальнай кухні – праграма вельмі насычаная.

У Год гістарычнай памяці кожны горад імкнецца цікава расказаць пра сябе, таму гасцям прапануюцца экскурсіі па знакавых мясцінах, тэатралізаваныя пастаноўкі, гістарычныя квэсты.

Галоўны арганізатар праекта «Вытокі. Крок да Алімпу» – Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь – запрашае да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах свята. У кожным горадзе – удзельніку праекта робяць акцэнт на тыя віды спорту, якія ў ім найбольш паспяхова развіваюцца.

НІА
па матэрыялах сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі