З 7 па 12 верасня 2020 года ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці пройдзе фестываль «Тыдзень спорту і здароўя». Мэта мерапрыемства – фарміраванне ў светапоглядзе вучняў і моладзі значнасці спартыўнай культуры, папулярызацыя алімпійскіх відаў спорту і здаровага ладу жыцця.

Так, у Бярэзінскім раёне пройдзе сеанс адначасовай гульні ў шашки з удзелам ветэрана фізічнай культуры і спорту Б. І. Трусевіча. Адбудуцца маштабныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні на спрынтарскай дыстанцыі «Бярэзінскі азімут 2020», будуць арганізаваны флэшмобы «Мы за здаровы лад жыцця!», «Здаровым – быць модна!», спартыўныя эстафеты «Хуткія, умелыя, спрытныя і смелыя!».

У Жодзіна можна будзе прыняць удзел у майстар-класе па веславанні на байдарках і каноэ, паглядзець паказальныя выступленні спартсменаў – навучэнцаў аддзялення шорт-трэка, паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне «Што мы ведаем аб правілах паводзін на ўроку фізічнай культуры» і спаборніцтвах па піянерболе «Гэй! Весялей! Давай! Наперад! Піянербол гуляць кліча!».

У Лагойскім раёне ў гэтыя дні запланаваны маштабны турнір па велатрыяле і фігурным ваджэнні веласіпеда, майстар-клас па тхэквандо, конкурс малюнкаў «Мой любімы від спорту», КВЗ «Сваё здароўе беражы – сам сабе ты дапамажы!», а таксама экскурсія ў Музей алімпійскай славы.

У Дзяржынскім раёне пройдуць конкурсы «Лепшы снайпер баскетбола», «Залатая скакалка», будуць арганізаваны рухавыя гульні на свежым паветры «Гульні народаў свету».

У Любанскім раёне адбудзецца маладзёжны флэшмоб «За спартыўную Беларусь», пройдуць конкурсы-віктарыны «Сакрэты здароўя», «Што вы ведеце пра ЗЛЖ?», «Спорт-гульня, фізкульт-ура!», «Беларусь алімпійская», «З гісторыі алімпійскага руху». Ахвотныя змогуць убачыць паказальныя выступленні па піянерболе, валейболе, баскетболе, шашках, шахматах, настольным тэнісе, спаборніцтвы па аэрахакеі.

У Мар’інагорскім дзяржаўным ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічным каледжы імя У. Е. Лабанка будзе арганізаваны велапрабег па маршруце Мар’іна Горка – Гарэлец – Чорнае возера – Мар’іна Горка.

У Слуцкім дзяржаўным каледжы адбудзецца майстар-клас з удзелам футбалістаў спартыўна-футбольнага клуба «Слуцк», а ў Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі – сустрэча з чэмпіёнам свету па цяжкай атлетыцы В. А. Шуманскім.

5 верасня, напярэдадні фестывалю, ва ўстановах адукацыі ўпершыню прайшоў абласны інтэлектуальны турнір «Алімпійскі ўрок».

 

НІА
па матэрыялах сайта
Мінскага абласнога выканаўчага камітэта