13–14 ліпеня 2019 года на водасховішчы Пціч прайшоў юніёрскі чэмпіянат Беларусі па водных лыжах. Гэта адзін з адборачных этапаў для спартсменаў ад 15 да 19 гадоў чэмпіяната Еўропы. Летась наша каманда ўжо перамагала ў еўрапейскіх спаборніцтвах сярод юнакоў і дзяўчат, тады яна заваявала 12 залатых, 7 срэбных, 10 бронзавых медалёў. У гэтым годзе беларуская зборная спадзяецца пацвердзіць свой статус лепшай на кантыненце.
Сёлета на рэспубліканскім чэмпіянаце ў катэгорыі да 19 гадоў першай стала Алена Пархоменка, якая атрымала золата ў фігурным катанні і скачках з трампліна, а ў слаламе – срэбра. Сярод хлопцаў лепшым стаў Кірыл Лапкоўскі, які перамог ва ўсіх трох дысцыплінах. У катэгорыі да 15 гадоў перамагла Софія Гвоздзева, якая таксама перамагла ў фігурным катанні і скачках з трампліна, а ў слаламе паказала другі вынік. У гэтай жа намінацыі – удзельнікі да 15 гадоў – перамог Васіль Мазуркевіч, які тройчы атрымаў залаты медаль.
У агульнакамандным заліку ў старшай узроставай катэгорыі перамогу атрымала каманда Мінска, а ў малодшай – Віцебшчыны.
Разам з юніёрамі па-за залікам выступіла чэмпіёнка свету па водналыжнаму спорту Ірына Турэц, якая шмат разоў падымалася на верхнюю прыступку п’едэстала гонару. Для яе гэтыя спаборніцтвы – магчымасць падрыхтавацца да чэмпіяната Еўропы, які пройдзе сёлета ў Беларусі 6-8 верасня, юніёрскія спаборніцтвы па водналыжным спорце пройдуць таксама ў нашай краіне 13-15 верасня.
Па выніках спаборніцтваў зроблены адбор юніёраў для ўдзелу ў Кубку Еўропы ў славацкай Кошыцы, які пройдзе 19-21 ліпеня. Пажадаем нашым удзельнікам поспехаў!
НІА
па матэрыялах сайта https://www.sb.by/articles/pokazhem-klass.html