У 1992 годзе шматдзённы паход хлапчукоў і дзяўчынак скаўцкага атрада і клуба міжнароднага сяброўства «Рунь» вырашыў ажыццявіць ідэю правядзення лагера для дзіцячых аб’яднанняў усяго Рагачоўскага раёна. У 1993 годзе адбылася першая змена з удзелам 9 атрадаў раёна – 90 навучэнцаў. Так пачалася гісторыя міжнароднага аздараўленчага палатачнага лагера сяброўства дзяцей славянскіх народаў «Крынічка» ля возера Добрае.
Кожны год нараджаюцца і рэалізуюцца новыя ідэі і праекты, але заўсёды лагер праходзіць з мэтай стварэння ўмоў для фарміравання грамадзянска-патрыятычнага, міратворчага вопыту падлеткаў, культуры здаровага ладу жыцця, актыўнай жыццёвай пазіцыі. Удзельнікамі з’яўляюцца падлеткі 15–17 гадоў, якія прадстаўляюць атрады з Беларусі, Расіі, Украіны. Беларускі фонд міру ў партнёрстве з Рагачоўскім райвыканкамам праводзіць лагер міру і сяброўства дзяцей і моладзі славянскіх народаў ужо на працягу 25 гадоў.
Каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак сабраў у 2017 годзе лагер «Крынiчка». У юбілейнай 25-й змене на маляўнічым беразе прынялі ўдзел 25 каманд школьнікаў з розных школ Беларусі, Украіны і Расіі. Пасля ўрачыстага адкрыцця юныя славяне акунуліся ў захапляльнае жыццё 9-дзённай лясной прыгоды, дзе кіруюць мір, сяброўства і паразуменне.
Час праляцеў непрыкметна. Творчыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, цікавыя зносіны і прыгатаванне на вогнішчы ежы – за паўтара тыдня юныя адпачывальнікі паспелі шмат. Па выніках усіх цікавых мерапрыемстваў рабяты і педагогі атрымалі заслужаныя ўзнагароды і памятныя прызы.
Па водгуках навучэнцаў і педагогаў ДУА «Сярэдняя школа № 27 г. Гомеля» (атрад «Школа міру»), якія прынялі ўдзел у працы юбілейнай 25-й змены аздараўленчага палатачнага лагера «Крынічка – 2017», гэты надзвычайны лагер змяняе стаўленне да сябе, да свету, да прыроды, прывівае культуру здаровага ладу жыцця, спрыяе сістэматычным заняткам спортам, развівае імкненне да самаўдасканалення, вучыць узаемаразуменню, маральнасці, талерантнасці. У дзяцей фарміруецца цэласнае ўяўленне аб сістэме агульначалавечых каштоўнасцяў як ключавых жыццёвых прынцыпах.
Атрад «Добры настрой» ДУА «Сярэдняя школа № 27 г. Гомеля» атрымаў ганаровае званне «Пераможца міжнароднага лагера сяброўства дзяцей славянскіх народаў "Крынiчка – 2017"» і ўзнагароду «Кубак Сяброўства».
НІА
па матэрыялах Гомельскага абласнога
інстытута развіцця адукацыі