Падзяліцца перспектыўным вопытам і аўтарскімі распрацоўкамі, прадставіць сучасныя падыходы да вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці, пазнаёміцца з рэгіянальнымі рэсурсамі павышэння якасці адукацыі – усё гэта і многае іншае змогуць беларускія педагогі 18 жніўня 2017 года ў Фаніпалі Дзяржынскага раёна. Тут, на базе сярэдняй школы № 1, адбудзецца ІV рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый «Развіццё адукацыі: ад ідэі да практыкі».

У мерапрыемстве новага фармату прымуць удзел педагогі з г. Жодзіна, Барысаўскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Любанскага, Салігорскага раёнаў Мінскай вобласці, а таксама іх калегі з Іванаўскага, Драгічынскага, Столінскага раёнаў Брэсцкай вобласці.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў кірмашу – пытанні развіцця адукацыі, павышэння яе якасці, фарміравання гарманічнай асобы дзіцяці, пошуку аптымальных форм і метадаў педагагічнага ўзаемадзеяння. Тут будуць прадстаўлены сучасныя аўтарскія распрацоўкі і праекты, метадычныя прадукты, друкаваныя і электронныя выданні Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, прадукцыя выдавецтваў рэспублікі.

Для азнаямлення і набыцця ўсім жадаючым будзе прапанавана каля 100 цікавых сацыяльна-адукацыйных праектаў. А аўтары найбольш актуальных інавацыйных рашэнняў прымуць удзел у аўкцыёне «Праект года». Акрамя таго, 15 педагогаў-практыкаў правядуць для гасцей майстар-класы.

 

Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі