Цікавым і захапляльным стаў абласны конкурс рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску» сярод вучняў IX–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які ў чарговы раз прайшоў на Гомельшчыне 7 снежня 2019 года. Правядзенне мерапрыемства стала добрай традыцыяй і сапраўдным святам для вучняў і педагогаў, якія з’яўляюцца аматарамі роднага слова.
Арганізатарамі конкурсу выступілі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, дзяржаўныя ўстановы адукацыі «Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі», «Гімназія № 36 г. Гомеля імя І. Мележа».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 58 навучэнцаў, 18 з якіх з’яўляюцца вучнямі IХ, па 20 – Х і ХI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
У склад журы для ацэньвання выступленняў былі запрошаны выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны і трэнеры абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
У І туры журы конкурсу ацэньвала загадзя падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ па тэмах: «Нацыянальнае беларускае адзенне» (IX клас), «Нацыянальныя беларускія стравы» (X клас), «Нацыянальны беларускі арнамент» (XI клас).
У другім туры пасля 15-мінутнай падрыхтоўкі ўдзельнікі конкурсу выказваліся на адну з дзвюх прапанаваных тэм, адказвалі на пытанні журы. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны адпаведнасць выказвання абранай тэме, лагічнасць і будова выказвання, культура маўлення, тэхніка прамаўлення, эфектыўнасць маўлення.
Трэці тур «Выкажы сваю думку» праходзіў у вуснай форме. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны ўменне выяўляць асноўную тэматыку i праблематыку прапанаванага верша беларускага паэта, абгрунтоўваць прачытанае, вызначаць кампазiцыю, выяўленчыя сродкі выразнасці.
Падчас правядзення конкурсу Мігаль Алена Генадзьеўна, настаўнік Хальчанскай базавай школы, правяла майстар-клас па тэме «Рэалізацыя міжпрадметных сувязей на ўроках беларускай мовы і беларускай літаратуры праз выкарыстанне QR-кодаў», удзельнікамі якога сталі педагогі вобласці.
Таленавітых вучняў на Гомельшчыне шмат. 26 навучэнцаў з розных раёнаў вобласці сталі пераможцамі. Яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, эмацыянальны станоўчы зарад – вось пералік тых пачуццяў, якія атрымалі ўдзельнікі конкурсу.
Віншуем пераможцаў, жадаем іх настаўнікам і бацькам далейшых поспехаў!
![]() |
![]() |
![]() |
Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі