З пачатку новага навучальнага года ў Баранавічах на базе ліцэя № 1 пачала функцыянаваць новая дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – Цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства, створаны шляхам аб’яднання эколага-біялагічнага цэнтра і цэнтра турызму і краязнаўства.

Установа адукацыі запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак у гурткі экалагічнага, спартыўна-турыстычнага і краязнаўчага напрамкаў – спартыўнага турызму, краязнаўства, спартыўнага арыентавання, плавання на байдарках, заваявання горных вяршыняў, шматдзённых паходаў па цікавых мясцінах Беларусі.

У гэтым навучальным годзе школьнікам прапануецца на выбар больш за 90 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх могуць займацца больш за 1 500 вучняў дадатковай адукацыі.

Знойдзецца занятак і для дзяцей дашкольнага ўзросту: у гэтым месяцы пачаўся набор на гурток «Дзецям пра звярат», дзе можна не толькі атрымаць магчымасць узаемадзейнічаць з жывёламі, але і набыць навыкі догляду за імі.

Акрамя таго, у новым навучальным годзе прапануюцца цікавыя праграмы для сумеснага баўлення часу бацькоў і дзяцей на базе аддзела экалогіі – квэсты, забаўляльныя праграмы «Дзень імянінніка», «Кантактны заапарк», «Фотаквэст», «Падарожжа па трох астравах». Так дзеці і іх бацькі адпачнуць ад гарадской мітусні і цікава і з карысцю для здароўя правядуць час на прыродзе.

 

НІА
паводле сайта Баранавіцкай аб’яднанай газеты «Наш край»