Галоўнае свята нашай дзяржавы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – адзначаецца штогод 3 ліпеня.

Гэтае свята з’явілася ў нашай краіне ў 1991 годзе і першапачаткова адзначалася 27 ліпеня ў дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР (па сутнасці ж незалежнасць Беларусь атрымала 26 снежня 1991 года ў сувязі з распадам СССР).

Дата 3 ліпеня замацавалася за Днём Незалежнасці па рашэнні, прынятым на рэспубліканскім рэферэндуме. 24 лістапада 1996 года больш за 88 % удзельнікаў усенароднага апытання прагаласавалі за перанос свята на Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Дзень Незалежнасці, паводле Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 1996 года № 1, праводзіцца як усенароднае свята ў абстаноўцы высокай урачыстасці і патрыятычнага ўздыму. Па ўсёй рэспубліцы ладзяцца святочныя мерапрыемствы і народныя гулянні, у якіх прымаюць удзел жыхары і госці нашай краіны ўсіх узростаў. Галоўная ж падзея – урачысты ваенны парад, які праходзіць у сталіцы на праспекце Пераможцаў каля стэлы «Мінск – горад-герой». Гэта не толькі напамін аб тым, якой цаной беларускі народ заваяваў свабоду краіны, але і дэманстрацыя сучасных дасягненняў суверэннай Беларусі.

Традыцыйна парад распачынаюць выхаванцы Мінскага сувораўскага вучылішча, за імі ідуць калоны ваеннаслужачых і супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Затым настае чарга механізаванай калоны вайсковай тэхнікі, у якой галоўная ўвага – найноўшым распрацоўкам беларускай арміі. А ў небе над Мінскам – паветранай святочнай калоны самалётаў і верталётаў. Завяршаецца шэсце плац-канцэртам зводнага аркестра Мінскага гарнізона і роты ганаровага каравула.

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) – гэта ўвасабленне повязі пакаленняў і іх плённай працы, гэта сімвал міру, росквіту і дабрабыту на нашай зямлі.

Са святам, паважаныя суайчыннікі!

НІА