Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – вядучая тэхнічная вышэйшая навучальная ўстанова краіны – сёлета святкуе свой 100-гадовы юбілей. За гісторыю існавання ўніверсітэт выпусціў больш за 200 тысяч спецыялістаў і, з улікам сваіх дасягненняў у галіне навукова-інавацыйнай дзейнасці, уваходзіць у сусветную эліту вышэйшай тэхнічнай адукацыі.
Ва ўніверсітэце на дзённай і завочнай формах навучання займаецца больш за 35 тысяч чалавек. Гэта студэнты, магістранты, аспіранты, дактаранты, ліцэісты, слухачы падрыхтоўчага аддзялення, курсанты ваенна-тэхнічнага факультэта.
Падрыхтоўку інжынерных кадраў для народнай гаспадаркі краіны па 89 спецыяльнасцях ажыццяўляюць 119 кафедр і 2 195 чалавек прафесарска-выкладчыцкага саставу, 1 100 з якіх маюць вучоныя ступені і званні, у тым ліку 2 акадэміка НАН Беларусі, 199 дактароў, прафесараў і 829 кандыдатаў навук, дацэнтаў.
БНТУ – лідар тэхнічнай адукацыі ў Беларусі і адзіны ўніверсітэт краіны, які мае статус нацыянальнага. З поўнай упэўненасцю можна сказаць, што большасць беларускай прадукцыі – жылыя комплексы, масты, дарогі, электрастанцыі, метро, аўтамабілі – будуецца і вырабляецца з удзелам выпускнікоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Сучасны вектар развіцця БНТУ прадугледжвае ўкараненне новых фарматаў навучання, дзе навука, адукацыя і інавацыйны бізнэс цесна інтэграваныя паміж сабой. Спецыяльнасці ўніверсітэта ахопліваюць амаль усе магчымыя тэхнічныя кірункі, а таксама эканоміку, маркетынг, архітэктуру і IT. Юбілей – гэта добрая нагода падвесці вынікі праведзенай работы і задумацца пра будучыню.
З Праграмай святочных мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.
НІА
па матэрыялах сайта https://100.bntu.by