Сёлета сталіца нашай краіны Мінск адзначае 950-гадовы юбілей. Днём нараджэння населенага пункта традыцыйна лічыцца першае ўзгадванне яго ў пісьмовых крыніцах. Для Мінска гэта 3 сакавіка 1067 года. Менавіта тады, як паведамляе летапіс «Аповесць мінулых гадоў», на рацэ Нямізе адбылася бітва паміж войскамі полацкага князя Усяслава Брачыслававіча (вядомага як Чарадзей) і князёў Яраславічаў (Ізяслава, Святаслава і Усевалада). Паэтычнае апісанне згаданай падзеі можна знайсці і на старонках знакамітага «Слова пра паход Ігаравы». А першыя людзі ў гэтых мясцінах, паводле археалагічных даных, пасяліліся ў канцы 5 – пачатку 4 тысячагоддзя да нашай эры.

Заснаваў жа горад, чытаем у народным паданні, легендарны волат-знахар Менеск, які пабудаваў на беразе Свіслачы млын на сем колаў, дзе мука малолася не з зерня, а з камення. Асілак-млынар збіраў сабе дружыну з такіх жа дужых і смелых людзей, з якіх склаўся цэлы народ і пасяліўся вакол млына. Так і ўзнік горад, які назвалі імем волата, – Менск. Ёсць таксама меркаванне, што летапісны Менск быў непадалёк ад сучаснага горада на беразе рэчкі Менкі, якая і дала яму назву (паходзіць яна ад слова «мена», бо прыязджалі на тутэйшыя кірмашы купцы з усяго свету і абменьваліся таварамі). Мінскам старажытны Менск стаў у польскамоўным вымаўленні. Такі варыянт і замацаваўся на геаграфічных картах у часы Расійскай імперыі.

У пачатку ХІІ стагоддзя Мінск становіцца цэнтрам удзельнага княства на чале з Глебам Менскім, сынам Усяслава Чарадзея, заснавальнікам дынастыі Глебавічаў, што правіла тут дзвесце год.

У XIV стагоддзі Мінск уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага і з’яўляецца адным з 15 мацнейшых гарадоў гэтай магутнай дзяржавы. 14 сакавіка 1499 года горад па ўказу вялікага князя літоўскага Аляксандра атрымлівае Магдэбургскае права. Кіраўніцтва горадам ад князя перайшло магістрату – гарадской радзе, куды выбіраліся самыя паважаныя гараджане, на чале з войтам. 12 студзеня 1591 года Мінск атрымаў прывілей на герб – на блакітным фоне выява Багародзіцы, перад якой укленчылі два анёлы. Маці Божая лічыцца заступніцай Мінска і яго жыхароў з 1500 года, калі ў водах Свіслачы неверагодным чынам з’явіўся цудадзейны абраз Прасвятой Дзевы Марыі.

У 1793 годзе пасля падзелу Рэчы Паспалітай Мінск уваходзіць у склад Расійскай імперыі і становіцца цэнтрам Мінскай губерні. У канцы ХІХ стагоддзя, па даных перапісу насельніцтва, у горадзе пражывае каля 90 тысяч жыхароў. 1 студзеня 1919 года была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, а Мінск становіцца яе сталіцай. З 1991 года ён – сталіца суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. У 1974 годзе Мінску было нададзена ганаровае званне «горад-герой» як ушанаванне заслуг яго жыхароў у змаганні з фашызмам падчас Другой сусветнай вайны.

Зараз Мінск, нягледзячы на сваю амаль тысячагадовую гісторыю, выглядае сучасна і молада. Гэта не толькі адзін з найбуйнейшых грамадска-палітычных і культурных цэнтраў Усходняй Еўропы, але і прыцягальны аб’ект для турыстаў з бліжняга і далёкага замежжа.

У 2017 годзе сталіца Беларусі надзвычай шырока адзначае свой 950-гадовы юбілей. Прадугледжаны самыя разнастайныя мерапрыемствы, а кульмінацыя ўрачыстасцей запланавана на святкаванне 9–10 верасня Дня горада.

 

НІА