Штогод у другую нядзелю кастрычніка ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў культуры. У 2016 годзе гэтая дата прыпадае на 9 кастрычніка.
Свята было ўсталявана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь».
Мерапрыемства аб’ядноўвае тысячы людзей творчых прафесій, якія ўносяць уклад у захаванне і павелічэнне культурных каштоўнасцей Беларусі. Дзякуючы іх паўсядзённай працы паспяхова ажыццяўляецца культурная палітыка нашай дзяржавы. Беларускія пісьменнікі і паэты, мастакі і артысты, музыканты і спевакі, работнікі культурна-асветніцкіх устаноў – больш за 65 тысяч чалавек будуць адзначаць сваё прафесійнае свята.
За шматвяковую гісторыю беларускі народ стварыў багатую самабытную культурную спадчыну. У краіне налічваецца больш за 15 тысяч помнікаў гісторыі. Беларусь валодае ўнікальнай гісторыка-культурнай спадчынай – гэта аб’екты архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, археалогіі, паркавыя комплексы, музейныя калекцыі, кніжныя зборы і інш.
Імёны многіх выбітных дзеячаў культуры вядомыя не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі: Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Міхал Клеафас Агінскі, Марк Шагал, Уладзімір Мулявін і многія іншыя. Іх традыцыі плённа працягваюцца і зараз, пра што сведчаць шматлікія мерапрыемствы Года культуры, які праходзіць сёлета ў Беларусі.
НІА