У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падрыхтаваны да друку альбом твораў жывапісу і графікі пад назвай «Над нівамі Малой Радзімы» дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i літаратуры НАН Беларусі, акадэміка А. І. Лакоткі.
Аляксандр Іванавіч Лакотка – акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар, архітэктар. Мастацкую творчасць спалучае з актыўнай навуковай i выкладчыцкай дзейнасцю. Яго творы прадстаўлены на выстаўцы ў Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, эскспанаваліся ў Беларускім саюзе архітэктараў, Музеі народнай архітэктуры i побыту, Дзятлаўскім краязнаўчым музеі на радзіме аўтара. Аляксандрам Іванавічам выдадзены альбомы «Простор родной. Беларусь», «Цвета и легенды родных просторов», прэзентацыя якіх мела шырокі грамадскі рэзананс.
Новы альбом «Над нівамі Малой Радзімы» змяшчае творы апошніх гадоў, у якіх адлюстраваны відарысы, вёскі i мястэчкі, помнікі архітэктуры розных мясцін Беларусі. Кніга суправаджаецца празаічнымі нарысамі, узорамі беларускага фальклору. Альбом рыхтуецца да друку ў выдавецтве «Беларусь».
Выданне можа быць карысным для арганізацыі выкладання краязнаўства ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, выхавання ў навучэнцаў любові да прыроды, пачуцця патрыятызму, фарміравання каштоўнасных адносін да гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю.
НІА