27 мая 2020 года спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, філолага, перакладчыка Уладзіміра Адамавіча Жылкі. Ён увайшоў у літаратуру як аўтар высокамастацкіх і патрыятычных твораў, напоўненых шчырымі душэўнымі пачуццямі.
Нарадзіўся будучы творца ў вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры (1914) і разам з бацькамі пераехаў у Мінск. Падчас Першай сусветнай вайны сям'я была ў бежанцах у Тульскай губерні. У сакавіку 1917 г. вярнуўся разам з бацькам у прыфрантавы Мінск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе. Да сакавіка 1920 г. У. Жылка працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе. Ён далучыўся да сталічнага культурнага руху, наведваў клуб «Беларуская хатка», сябраваў з Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам і іншымі літаратурнымі дзеячамі, сам друкаваўся ў мінскіх выданнях.
Восенню 1920 г. паэт захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлессе Навагрудскага павета. Пасля таго, як была падпісаная Рыжская дамова, Жылка застаўся ў Заходняй Беларусі і працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні. Ён шмат вандраваў, жыў у Чэхіі. У Празе вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Карлава ўніверсітэта і працаваў рэдактарам часопіса «Новы прамень». У 1926 г. паэт прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і застаўся ў БССР. У сталіцы ён стаў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты «Звязда», таксама выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме. Уваходзіў у літаратурныя аб'яднанні «Маладняк» і «Узвышша».
За сваё нядоўгае жыццё Жылка паспеў напісаць шмат вершаў і выдаць некалькі зборнікаў. Першы верш паэта «Покліч» з’явіўся ў 1918 г. і быў надрукаваны ў газеце «Беларусь». Неўзабаве з'явіліся зборнікі – «На ростані» і «З палёў Заходняй Беларусі». Ён – аўтар паэмы «Уяўленне» (1923), цыкла «Вершаў аб Вільні» (1926).
Вершы Уладзіміра Жылкі прасякнутыя глыбокім лірызмам. Сімвалічныя вобразы, ужытыя ў іх, утвараюць карціну свету, уласцівую для чалавека, які тонка адчувае навакольны свет. Галоўныя тэмы творчасці паэта перагукаюцца з дэкадэнскім настроем яго эпохі, але акрамя маркотных і жалобных вершаў паэт пісаў і вельмі светлыя творы, напоўненыя каханнем і любоўю да жыцця.
Падчас сваёй дзейнасці ў БССР У. А. Жылка публікаваў артыкулы пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзіі на творы У. Дубоўкі. Перакладаў на беларускую мову вершы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсена, Ш. Бадлера і іншых паэтаў.
НІА