19 лютага 2020 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў праведзены круглы стол «Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу». Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.

Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя калектыўнай кнігі прозы на беларускай мове «Update». Праект «Update» – вынік міжнароднага супрацоўніцтва ў літаратурна-мастацкай сферы, прыклад міжкультурнага дыялогу і творчай садружнасці пісьменнікаў розных краін. У кнігу ўвайшлі творы Сафіі Ворсы (Беларусь), Лары Продан (ЗША), Зоі Падліпскай (Беларусь) і Вікторыі Левінай (Ізраіль). Чатыры таленавітыя аўтары, у кожнай з якіх свой жыццёвый досвед, уласная сістэма каштоўнасцей і нацыянальных традыцый, прыводзяць чытача да высновы, што любоў – асноўная стваральная сіла, якая трымае чалавека на зямлі і якая дазваляе яму дасягнуць зорных вяршынь.

Удзельнікі круглага стала, мадэратарам якога стаў акадэмік Націянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, закранулі тэарэтычныя пытанні мастацкага перакладу, разгледзелі вартасці перастварэння на беларускую мову прэзентаванай кнігі і далі яму высокую прафесійную ацэнку.

Пераклад быў выкананы вядомай беларускай паэтэсай, празаікам і публіцыстам Зояй Падліпскай – адным з аўтараў выдання.

21 лютага 2020 года ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбудзецца прэс-канферэнцыя на тэму «Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу. Сумесныя праекты пісьменнікаў ЗША, Ізраіля і Беларусі».

Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны:

  • Капылоў Ігар Лявонавіч – дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;
  • Караткевіч Вячаслаў Іванавіч – начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь»;
  • Падліпская Зоя Іванаўна – беларуская пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі;
  • Шапран Наталля Мікалаеўна – галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» РУП «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»;
  • Лапцёнак Алена Мікалаеўна – кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;
  • Нікалаева Вольга Міхайлаўна – кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі;
  • Сафія Ворса – беларуская пісьменніца, аўтар кніг для падлеткаў;
  • Лара Продан – пісьменніца са Злучаных Штатаў Амерыкі, уваходзіць у Еўразійскую творчую гільдыю (Eurasian Creative Guild) (Лондан);
  • Вікторыя Левіна – пісьменніца з Ізраіля, уваходзіць у літаб’яднанне «Рышон ле-Цыён». 

 

НІА
па матэрыялах сайтаў https://rod-slova.by,
http://www.dompressy.by