Мая Бабруйшчына зялёная,
Здаешся іншым ты малой
З тваёй Бярэзінай хвалёнаю
І з непрыкметнаю Алой.
А мне заўсёды паўнаводнымі
Здаваліся іх берагі,
Былі твае мясціны роднымі,
Куток з маленства дарагі.
Сёлета 14 студзеня споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Міколы Аўрамчыка.
Нарадзіўся Мікола Якаўлевіч у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», у 1953–1980 гг. – рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць».
Першыя вершы М. Аўрамчык апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце «Камуніст». Аўтар кніг паэзіі «Пярэдні край» (1949), «Шляхамі дружбы» (1952), «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Агледзіны» (1969), «Як на далоні» (1970), «Дрэва дружбы» (1973), «Вадовішча» (1976), рамана «У падзямеллі» (1986), «Анкета: Выбранае» (1990). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Дружба» (1950). Выйшлі «Выбранае» (1976) і «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1980). Ім напісаны раман «У падзямеллі» (1986) і аповесць «Палон» (1989).
Паэзія М. Адамчыка адлюстроўвае драматычны ваенны лёс паэта, жыццё ў фашысцкай няволі, шахцёрскую працу, вучобу ва ўніверсітэце, уражанні ад паездак па краіне.
Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франка, М. Джаліля, Г. Эміна, зборнікі вершаў С. Міхалкова «А што ў вас?», В. Бычко «Тры сястры», паэму М. Нагнібеды «Васілёк» і інш.
Мікола Якаўлевіч быў узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964).
НІА