15 кастрычніка спаўняецца 70 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку Аляксею Мікалаевічу Якімовічу.
У святочны дзень прыгадаем некалькі цікавых фактаў з біяграфіі гэтага чалавека.
Сам Аляксей Мікалаевіч успамінаў: «…бацькі неяк казалі, што нарадзіўся ці то на два дні раней, ці то на два дні пазней, а запісалі як пятнаццатага. Маці Надзея Аляксандраўна казала адно, бацька Мікалай Аляксандравіч – другое. Дык я так і не зразумеў, у які дзень дакладна нарадзіўся. Няхай будзе пятнаццатага». Пэўныя праблемы ўзніклі і з імем: «У пашпарце я запісаны як „Аляксей“, а дома мяне называлі „Лёня, Лёнік“. А калі вучыўся, то аднакурснікі клікалі „Алесем“».
Аляксей Якімовіч з’яўляецца аўтарам 179 метадычных распрацовак, у асноўным урокаў па беларускай мове, а таксама дапаможнікаў для настаўнікаў «Жывыя літары, Алфавіт ад А да Я», «Пагуляем у алфавіт» і інш.
А. Якімовіч вядомы як драматург. Каля 15 яго п’ес былі пастаўлены ў розных тэатрах нашай краіны і за яе межамі («Чарадзейныя суніцы», «Добры змей», «Пудзіла», «Апошні Дыназаўрык», «Навагоднія прыгоды Бураціна» і інш.). Сам аўтар адзначаў: «Калі перасталі друкаваць прозу, узяўся за драматургію. Першыя свае творы паказаў кіраўніку Слонімскага драматычнага тэатра Варвашэвічу Мікалаю Фёдаравічу – адданаму тэатру рэжысёру. Увесь час ён мяне падахвочваў, каб пісаў, казаў, што ў мяне атрымаецца, што некалі стану вядомым драматургам. А каб я паверыў у сябе, ставіў мае п’есы ў Слонімскім тэатры».
Але папулярнасць Аляксею Мікалаевічу прынеслі эпічныя творы, якія вызначаюцца разнастайнасцю паводле зместу і сэнсавай насычанасці: тут і бытавыя прыгоды школьніка Алеся Пятрашкі, якога сябры і настаўнік імкнуцца пераканаць у важнасці вучэбнай дзейнасці («Гордзіеў вузел»), і прыгодніцка-фантастычныя аповесці («Эльдарада просіць дапамогі», «Сакрэт Тунгускага метэарыта»), аповесць-казка («Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі»), аповесць з жыцця школьнікаў («Прыгоды шасцікласніка Максіма»).
Звычайна ў такіх творах дзейнічае 5–6 дзяцей, па-свойму эрудзіраваных, дапытлівых, якія цікавяцца не толькі тэлевізійнымі перадачамі, але і літаратурай. У прыгодніцка-фантастычных творах героі апынаюцца ў незвычайных сітуацыях, трапляюць у невядомыя краіны і нязведаныя куткі прыроды, шмат чаго даведваюцца, выпрабоўваюць сябе на трываласць. Такія кнігі развіваюць у дзяцей дапытлівасць, жаданне самім даведацца пра таямніцы прыроды.
Пажадаем юбіляру здароўя, дабрабыту і плёну ў працы!
НІА
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны факты
з асабістага сайта Аляксея Якімовіча https://jakimovic.blogspot.com