У снежні 2017 года найстарэйшае літаратурнае выданне краіны часопіс «Полымя» святкуе сваё 95-годдзе.
22 снежня 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол «Літаратурна-мастацкае выданне ў сістэме культурных каардынат».
Амаль цэлае стагоддзе «Полымя» прыходзіць да аматараў айчыннай і сусветнай літаратуры. У стварэнні старэйшага беларускага літаратурна-мастацкага выдання прымалі непасрэдны ўдзел народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас. «Полымя» – вельмі дэмакратычны і адкрыты часопіс для ўсіх пакаленняў, стыляў і плыняў. Наогул гісторыя часопіса – гэта гісторыя беларускай літаратуры і яе лепшых прадстаўнікоў. На яго старонках друкавалі свае творы Цішка Гартны, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч і іншыя майстры беларускага слова.
Менавіта на старонках «Полымя» чытачы ўпершыню пазнаёміліся з раманамі «Людзі на балоце» Івана Мележа, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна, «Чужая бацькаўшчына» Вячаслава Адамчыка і многімі іншымі творамі, якія сталі класікай беларускай літаратуры. Сёння часопіс адлюстроўвае сучасны літаратурны працэс Беларусі, стварае лепшыя пераклады твораў замежнай літаратуры – рускай, нямецкай, эквадорскай, казахскай, сербскай і іншых.
У мерапрыемстве «Літаратурна-мастацкае выданне ў сістэме культурных каардынат» прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Міністэрства інфармацыі, Выдавецкага дома «Звязда», а таксама вядучыя беларускія навукоўцы, паэты і празаікі.
Урачыста прагучалі словы віншавання, адрасаваныя рэдакцыі часопіса «Полымя» ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, і прывітальны адрас Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
За добрасумленную плённую працу па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, значны ўклад у развіццё і прапаганду беларускай літаратуры супрацоўнікам часопіса «Полымя» была аб’яўлена падзяка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь і ўручаны ганаровыя граматы.
Віртуальны фотаальбом «Круглы стол ,,Літаратурна-мастацкае выданне ў сістэме культурных каардынат“» размешчаны тут.
НІА