Аркадзь Дзмітрыевіч Чарнышэвіч, беларускі пісьменнік, нарадзіўся 8 жніўня 1912 года (вёска Кулакі, Салігорскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Па заканчэнні Старобінскай сямігодкі (1928) дапамагаў бацькам у гаспадарцы. Першае апавяданне надрукаваў у 1927 годзе (часопіс «Чырвоны сейбіт»).

У 1930 годзе сям’я Чарнушэвіча была раскулачана, бацьку адправілі на будаўніцтва Беламорканала, а сям’ю выслалі ў вёску Зайцава Качоўскага раёна Комі-Пярмяцкай акругі. Чарнышэвіч працаваў на лесараспрацоўках, загадчыкам мясцовай крамы, настаўнічаў. У 1934–1949 гады – дырэктар Янчэрскай пачатковай школы. У 1934 годзе ажаніўся з пярмячкай, мясцовай настаўніцай, за што яе на нейкі час пазбавілі працы. У 1940 годзе скончыў Кудымкарскае педагагічнае вучылішча. Творчую работу не пакідаў: пісаў вершы, прозу, дасылаў рукапісы ў Мінск. Летам 1940 года быў удзельнікам курсаў-канферэнцыі маладых аўтараў у Мінску. Сталай літаратурнай працай пачаў займацца з 1940 года, калі апублікаваў у часопісе «Полымя рэвалюцыі» падборку апавяданняў «Лета». Падрыхтаваў і адаслаў у Белдзяржвыдавецтва зборнік апавяданняў «Хаты ажываюць», які не быў прыняты да друку.

У 1950 годзе А. Чарнышэвіч пераехаў з сям’ёй на сталае жыхарства ў Беларусь. У 1950–54 гады быў дырэктарам Насовіцкай пачатковай школы Свірскага (цяпер Мядзельскага) раёна. З’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1954 года. З 1957 года жыў у г. п. Радашковічы, друкаваўся ў раённай газеце «Сцяг Ільіча». Потым пераехаў у Мінск.

А. Чарнышэвіч – аўтар зборнікаў апавяданняў «Суседзі» (1956), «Марцін Когут» (1958), «Праз зімы і вёсны» (1960), «Новы дом» (1967), «Апавяданні» (1970), раманаў «Світанне» (1957), «Засценак Малінаўка» (1964–1965).

Пісаў ён і для дзяцей. Выйшлі яго аповесці «У адной сям’і» (1951), «На сажалках» (1955), зборнікі апавяданняў «Зосін лужок» (1952), «Апавяданні старога Арцёма» (1958), «Складанец» (1969).

Творчасці Аркадзя Чарнышэвіча ўласцівы дакладнае веданне вясковага побыту, сялянскай псіхалогіі, грунтоўная распрацаванасць вобразаў і малюнкаў беларускай прыроды, аналітызм, багатая мова.

Імем Аркадзя Чарнышэвіча названа вуліца ў Радашковічах, а на доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Памёр пісьменнік 18 студзеня 1967 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

 

НІА