3 мая 2017 года у Нацыянальным інстытуце адукацыі адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім паэтам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхасём Башлаковым. Міхась Захарыч – ураджэнец Гомельшчыны, педагог па адукацыі (закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і працаваў настаўнікам нямецкай і беларускай мовы і літаратуры), удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адзін з рэдактараў 145-томнай гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» гарадоў і раёнаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Міхась Башлакоў найперш праявіў сябе як вялікі майстар грамадзянскай, пейзажнай і інтымнай лірыкі, сведчаннем чаго з’яўляюцца зборнікі «Касавіца», «Начны паром», «Дні мае залатыя», «Як слёзы горкія Айчыны…», «Матчыны грыбы перабіраю», «Пяро зязюлі падніму», «Віно адзінокіх», «Музыка нязваная» і інш.  Яго паэзія, па словах літаратурнага крытыка Дзмітрыя Пятровіча, «гэта і панарама нашага жыцця, яго шматгалоссе, узаемадзеянне чалавечых лёсаў і лёсу Бацькаўшчыны, і яшчэ пранікнёнасць пачуццяў, тонкі лірызм, надзвычай багатыя моўныя фарбы, незвычайная энергетыка».

Унікальнай культурнай з’явай сталі сумесныя выданні Міхася Башлакова і мастака Міхаіла Барздыкі – кнігі паэзіі і графікі  «Нетры» (на беларускай і рускай мовах, 2004), «Палын. Чарнобыль» (на беларускай, рускай, англійскай мовах, 2005), за якія паэту ў 2009 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Таксама кніга «Нетры» ўвайшла ў лік 100 лепшых кніг свету на Міжнароднай кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія, 2005).

Падчас творчай сустрэчы з супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міхась Захарыч Башлакоў надзвычай цікава і шчыра распавёў пра сваё жыццё і працу. Асабліва ж кранулі душу прысутных аповеды пра шматлікія вандроўкі паэта па пацярпелых ад аварыі на Чарнобальскай АЭС палескіх вёсках. Надзвычай уразіла случахоў і высокамастацкае чытанне аўтарам уласных вершаў. З вялікай эмацыйнай выразнасцю і тонкім лірызмам прамаўляў Міхась Башлакоў радкі з паэм «Лілея на цёмнай вадзе» і «Шлях. Араторыя», вершы, прысвечаныя Бацькаўчыне і маці, роднай прыродзе і каханню. Удзельнікі гасцёўні атрымалі ў падарунак не толькі аўтограф аўтара на новай кнізе «Далеч вячэрняя», але і цудоўны настрой ды душэўны ўздым ад далучэння да грамадска-гучнага і асобасна-лірычнага беларускага паэтычнага слова.

НІА