Напалеон Орда найперш вядомы як аўтар цудоўных малюнкаў, з якіх паўстаюць архітэктурныя пейзажы Беларусі ХІХ стагоддзя. Менавіта дзякуючы яго жывапіснаму таленту мы можам бачыць, як выглядалі амаль два стагоддзі таму назад мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей, напрыклад, палацы і сядзібы ў Міры, Нясвіжы, Навагрудку, Гора-Горацкі земляробчы інстытут, Бернардзінскі манастыр у Віцебску і іншыя помнікі, у тым ліку і тыя, што не захаваліся да нашага часу. Аднак Напалеон Орда – гэта яшчэ і музыкант, кампазітар, педагог, літаратар.

Нарадзіўся будучы жывапісец у маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерніі (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) 11 лютага 1807 года ў сям’і інжынера-фартыфікатара, кобрынскага маршалка і дачкі пінскага старасты. Вучыўся Напалеон спачатку дома, а пасля ў Свіслацкай гімназіі. У 1823 годзе паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта. Пасябраваў тут з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам, Янам Чачотам. За ўдзел у тайных студэнцкіх таварыствах на 4 курсе быў выключаны з універсітэта. Праз некаторы час Напалеон Орда мусіў эміграваць у Еўропу. Жыў у Францыі, Італіі, Аўстрыі, Швейцарыі. Быў у цэнтры тагачаснага культурнага жыцця: сустракаўся з многімі вядомымі кампазітарамі і пісьменнікамі – Ф. Шапэнам, Ф. Лістам, Д. Вердзі, Д. Расіні, А. Бальзакам, А. Стэндалем, І. Тургеневым і інш. Меў славу добрага піяніста і кампазітара. Складаў паланэзы, мазуркі, вальсы, рамансы і песні, напісаў «Граматыку музыкі», выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў». Некаторы час нават быў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. У гэты ж час Напалеон Орда праявіў сябе і як літаратар і лінгвіст: перакладаў на французскую мову паэзію сваіх землякоў, пісаў шматлікія артыкулы пра знакамітых людзей і мясціны, апублікаваў першы падручнік польскай мовы для замежнікаў. Акрамя гэтага, у Парыжы ён навучаўся ў студыі вядомага майстра архітэктурнага пэйзажу П’ера Жэрара, дзе вызначыўся са сваёй жывапіснай тэхнікай – алоўкавы малюнак, падмаляваны акварэллю ці гуашшу.

У 1856 годзе Напалеон Орда вяртаецца на радзіму. Тут прысвячае сябе любімаму занятку – вандроўкі і маляванне. Шмат падарожнічае не толькі па Беларусі, Літве, Украіне, Польшчы, але і Англіі, Шатландыі, Нідэрландах, Партугаліі, Алжыры і фіксуе на паперы алоўкам і фарбамі помнікі архітэктуры і вакольныя краявіды. У выніку з’явіўся велізарны збор мастацкіх твораў – больш за 1150 акварэляў і малюнкаў, больш за 200 літаграфій.

Памёр Напалеон Орда ў 1883 годзе ў Варшаве і пахаваны ў радавым склепе ў Янава (цяпер горад Іванава) на Брэстчыне.

Напалеон Орда – выдатны прыклад шматграннай таленавітай асобы, які самааддана любіў сваю радзіму і шмат зрабіў для папулярызацыі роднай культуры ў Еўропе.

НІА